БЕЛ Ł РУС

З наступнага тыдня ў Беларусі можна будзе па-новаму аформіць ДТЗ

10.10.2026 / 09:53

Nashaniva.com

З 15 кастрычніка стане прасцей афармляць еўрапратаколы, расказаў генеральны дырэктар Беларускага бюро па транспартным страхаванні Ігар Клепча, піша БелТА.

Магчымасць аформіць ДТЗ без выкліку ДАІ ў Беларусі існуе ўжо 16 гадоў. Каб гэта можна было зрабіць максімальна проста, з 15 кастрычніка стане даступным вэб-дадатак, які дазваляе запаўняць паведамленне пра ДТЗ у электронным выглядзе з любой мабільнай прылады пад кіраваннем любой аперацыйнай сістэмы. Яго нават не трэба ставіць на гаджэт.

«Усё гэта абсалютна бясплатна. І значна хутчэй, чым на паперы. Электроннае паведамленне інтуітыўна вельмі простае. Калі на папяровае спатрэбіцца ў сярэднім 10—15 хвілін, то электроннае можна запоўніць за тры хвіліны», — адзначыў Ігар Клепча.

Для запаўнення электроннага паведамлення ў абодвух кіроўцаў павінны быць тэлефоны з дзейнымі абаненцкімі нумарамі беларускіх аператараў сувязі. Прынамсі на адной прыладзе павінны быць камера, доступ да інтэрнэту і геалакацыі.

Паводле слоў Ігара Клепчы, можна аформіць толькі ДТЗ, якое адбылося на тэрыторыі Беларусі з транспартнымі сродкамі, зарэгістраванымі ў нашай краіне і не знятымі з уліку. Дата запаўнення электроннага паведамлення павінна адпавядаць даце ДТЗ.

Спасылка на вэб-дадатак з 15 кастрычніка з'явіцца на сайце Беларускага бюро па транспартным страхаванні.

Для кансультацый кіраўнік Беларускага бюро па транспартным страхаванні параіў тэлефанаваць у кол-цэнтр па кароткім трохзначным нумары 140. З 15 кастрычніка яго супрацоўнікі будуць нагадваць пра вэб-дадатак і падказваць, як правільна ім карыстацца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула