Беларусь праз 14 гадоў вярнулася ў міжнародны конкурс «Вікі любіць славутасці». Чакаюць любыя фотаздымкі мясцовых помнікаў архітэктуры
Міжнародная ініцыятыва па архіваванні гістарычных помнікаў вярнулася ў Беларусь пасля працяглай паўзы. Фотаздымкамі з папярэдняга конкурса дагэтуль праілюстравана большасць артыкулаў Вікіпедыі пра гісторыка-культурныя каштоўнасці.
Неагатычны касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў Белагрудзе Лідскага раёна, зняты з паветра. 2021 г. Фота: Budgawl / Wikimedia Commons
Конкурс «Вікі любіць славутасці» (Wiki Loves Monuments) працягнецца да канца кастрычніка на платформе Wikimedia Commons.
Папярэдні раз беларускі сегмент браў удзел у гэтым спаборніцтве ў 2012 годзе. Тады галоўным прызам для пераможцы міжнароднага фіналу была паездка ў Ганконг на канферэнцыю «Вікіманія». Цяпер аўтары пяці найлепшых фатаграфій атрымаюць электронныя падарункавыя сертыфікаты наміналам 200 рублёў для пакупак у інтэрнэт-крамах. Журы пакідае за сабой права скарэктаваць колькасць прызавых месцаў у залежнасці ад якасці матэрыялаў.
Падчас кампаніі 2012 года карыстальнікі загрузілі ў базу больш за 7 тысяч файлаў, з якіх статус якасных (Quality images) атрымалі толькі 7 выяў, а адна была прызнана абранай (Featured picture).
Гарадзішча старажытнага Бярэсця. 2020 г. Фота: Brest-Litowsk / Wikimedia Commons
У рамках сёлетняга конкурсу пакуль загружана значна менш фотаздымкаў, але многія з іх ужо былі адзначаны за тэхнічнае выкананне. На гэты момант у катэгорыю дададзена 1 170 файлаў, пры гэтым 32 з іх ужо прызнаныя якаснымі. Адпаведны маркер на Вікісховішчы выдаецца здымкам, якія адпавядаюць строгім стандартам кампазіцыі і выканання. З амаль 150 мільёнаў даступных файлаў ва ўсім праекце толькі каля 0,3 % маюць падобную адзнаку.
Чаму Беларусь так доўга не ўдзельнічала?
Ідэя глабальнага архівавання помнікаў узнікла ў 2010 годзе, калі нідэрландская Вікіпедыя сабрала больш за 12 тысяч здымкаў нацыянальнай архітэктуры. Прэзентацыя гэтага вопыту ва Уроцлаве запусціла ланцуговую рэакцыю. Ужо ў 2011 годзе праект аб'яднаў 18 краін, а ўдзельнікі загрузілі звыш 168 тысяч фатаграфій, забяспечыўшы конкурсу месца ў Кнізе рэкордаў Гінеса. У 2012 годзе сусветная супольнасць загрузіла ў рамках конкурсу ўжо 353 тысячы здымкаў.
Комплекс кляштара францысканцаў у Пінску, зняты з дрона. 2021 г. Фота: Budgawl / Wikimedia Commons
Пасля паспяховага старту ў 2012 годзе Беларусь на паўтара дзесяцігоддзя знікла з карты конкурсу. Як мы пісалі раней, гэта тлумачылася шэрагам прычын: адсутнасцю спонсараў, нізкім узроўнем развіцця грамадзянскай супольнасці, а галоўнае — спецыфічнай моўнай раз'яднанасцю. Беларускія рэдактары гістарычна падзеленыя паміж трыма моўнымі версіямі энцыклапедыі: афіцыйнай беларускай, тарашкевіцай і рускай. Размежаванне рэсурсаў доўгі час не дазваляла сфарміраваць адзіны арганізацыйны цэнтр. Усе гэтыя гады беларусы маглі ўдзельнічаць толькі ў нацыянальных конкурсах іншых краін.
Якіх фотаздымкаў чакаюць?
Інтэр’ер Міхайлаўскага касцёла былога кляштара дамініканцаў у Навагрудку. 2026. Фота: Tess Mattew / Wikimedia Commons
Для ўдзелу ў кампаніі 2026 года створаны тэкставы рэестр аб'ектаў на базе праекта рускага Wikivoyage. Спісы размеркаваныя па абласцях і раёнах. У іх уключаныя афіцыйныя помнікі архітэктуры і гістарычныя пабудовы, створаныя да 1990 года, якія часткова ўзятыя з краязнаўчага каталога «Глобус Беларусі». Для геаграфічнага пошуку працуе інтэрактыўная карта. Загружаць файлы неабходна строга праз індывідуальныя спасылкі аб'ектаў з гэтай карты, каб выява аўтаматычна прывязвалася да ідэнтыфікатара помніка ў энцыклапедычнай базе.
Гістарычны будынак па Ленінскай вуліцы, 46 у Магілёве. 2023 г. Фота: This is Andy / Wikimedia Commons
Ад удзельнікаў патрабуецца загружаць файлы памерам не менш за 2 мегапікселі пад свабоднай ліцэнзіяй, пазбягаючы дублявання аднатыпных ракурсаў. Асобны блок правіл рэгулюе лічбавую апрацоўку. Для тэхнічных фатаграфій, якія фіксуюць стан помнікаў, дапускаецца толькі мінімальнае ўмяшанне. Мастацкая апрацоўка дазволеная, але патрабуе абавязковага ўдакладнення ў апісанні файла, а ў ідэале — паралельнай загрузкі зыходнага здымка. Любое прымяненне сродкаў штучнага інтэлекту для генерацыі або паляпшэння дэталяў павінна быць строга задэклараванае. Вадзяныя знакі і аўтарскія подпісы на выявах забароненыя.
Сядзібны дом графаў Талстых у Грудзінаўцы Быхаўскага раёна. 2026 г. Фота: Budgawl / Wikimedia Commons
Чаму частка помнікаў застанецца нябачнай
Гэты конкурс стаў працягам кампаніі па напаўненні актуальнымі фотаздымкамі Беларусі вікі-праектаў. Нагадаем, што ў жніўні Беларусь разам з Казахстанам выступіла пілотнай пляцоўкай для праекта «Вікі любіць вёскі», мэтай якога быў збор выяў 23 тысяч сельскіх населеных пунктаў. За два тыдні валанцёры загрузілі ў базу 2 445 фатаграфій, фіксуючы не толькі архітэктуру, але і сельскагаспадарчую тэхніку ці інтэр'еры.
Як і падчас вясковага этапу, папаўненне энцыклапедыі ўскладняецца адсутнасцю ў Беларусі свабоды панарамы. Згодна з заканадаўствам, фатаграфіі савецкай забудовы, манументаў і мазаік могуць быць выдаленыя з Вікісховішча за парушэнне аўтарскіх правоў, калі з моманту смерці іх аўтара не мінуў 71 год.
Загружаны ў рамках конкурсу мазаічны трыпціх «Зямля» ў Брэсце, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, будзе ў выніку выдалены з Вікісховішча праз адсутнасць свабоды панарамы ў Беларусі. Фота: Brest-Litowsk / Wikimedia Commons
Традыцыйнае драўлянае дойлідства, дарэвалюцыйныя храмы і палацы пад гэтыя абмежаванні не падпадаюць. У сітуацыі паступовага разбурэння гістарычных будынкаў і страты імі арыгінальнага аблічча праз непрафесійныя рамонты, загрузка нават сухіх тэхнічных кадраў застаецца адзіным даступным спосабам адсочваць, што адбываецца з беларускай архітэктурай на працягу дзесяцігоддзяў.