У Гомелі вынеслі прысуд 17‑гадоваму хлопцу, які забіў аднагрупніка
Падлетак забіў таварыша кухонным нажом проста на занятках.
У Гомелі вынеслі прысуд па справе аб забойстве 17‑гадовага навучэнца дарожна-будаўнічага каледжа. Яго аднагрупніка, які смяротна параніў падлетка нажом, прызналі адэкватным, піша Onliner.by.
Трагедыя адбылася 25 сакавіка ў майстэрні каледжа. Падчас канфлікту адзін з навучэнцаў ударыў аднагрупніка нажом. Пацярпелы памёр у бальніцы.
Следства высветліла, што падлеткі даўно канфліктавалі. Нягледзячы на гэта, падчас вытворчай практыкі іх размеркавалі ў адну падгрупу.
Судовы працэс пачаўся 11 верасня і па патрабаванні пракурора праходзіў у закрытым рэжыме. Абвінавачанага прызналі вінаватым у забойстве (частка 1 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса) і прысудзілі да васьмі гадоў калоніі.
Акрамя таго, ён павінен выплаціць пацярпеламу боку 70 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.