БЕЛ Ł РУС

У Мінску заўважаюць незвычайных птушак. Ці патрэбная ім дапамога людзей?

12.10.2026 / 20:28

Nashaniva.com

У розных раёнах Мінска апошнім часам сталі заўважаць птушак, нехарактэрных для гарадскога асяроддзя, піша «Анлайнер». Сітуацыю пракаментавалі ў сацыяльных сетках Цэнтра рэабілітацыі дзікіх жывёл «Сірын».

Калаж: «Анлайнер»

Каля вуліцы Каліноўскага жыве баклан са зламаным крылом, на Свіслачы плавае качка-мандарынка сярод звычайных качак, а каля адной са сталічных школ раней заўважылі шэрага жураўля з Чырвонай кнігі.

На першы погляд можа здавацца, што гэтым птушкам патрэбная дапамога, аднак спецыялісты просяць не ўмешвацца без неабходнасці.

Па іх словах, журавель здаровы, добра лётае і хутка бегае. За ім назіраюць, а спробы злавіць птушку могуць прывесці да дарожна-транспартных здарэнняў. Пры гэтым апошнія два дні жураўля не бачылі.

Баклан жыве ў раёне вуліцы Каліноўскага каля паўгода. Нягледзячы на зламанае крыло, ён добра ловіць рыбу і трымаецца далей ад людзей. У «Сірыне» адзначаюць, што птушка добра сябе адчувае, упэўнена рыбаліць і спіць на вярбе. Калі яна распраўляе крылы, грэючыся на камені, можа здавацца, што ёй вельмі дрэнна, але гэтае ўражанне падманлівае. Калі зіма будзе занадта суровай, то баклана забяруць у прытулак, а вясной вернуць у натуральнае асяроддзе.

Качка-мандарынка, якая, як мяркуецца, уцякла з прыватнай калекцыі, прыстасавалася да жыцця сярод звычайных качак. Цяпер ёй стае ежы, аднак спецыялісты працягваюць сачыць за птушкай.

У цэнтры «Сірын» заклікаюць мінчан не спрабаваць лавіць гэтых птушак або самастойна іх ратаваць. Спецыялісты ведаюць, дзе яны знаходзяцца, і ўмяшаюцца, калі птушкам сапраўды спатрэбіцца дапамога.

Чытайце таксама:

Чырванакніжны журавель гуляў у Мінску каля школы

Пад Гомелем нарэшце знайшлі зніклага паўліна

Пад Мінскам сцяну аднаго з дамоў давялося разбіраць праз папугая

Чаму чаплі стаяць на адной назе?

Каментары да артыкула