БЕЛ Ł РУС

У Вільні былы кіраўнік элітнага падраздзялення паліцыі застрэліў віцэ-чэмпіёна Еўропы па кікбоксінгу — бо той сікаў каля дома

12.10.2026 / 21:15

Nashaniva.com

Адстаўнога сілавіка адпусцілі да суда дадому.

Вінцас Данісявічус (справа) у часы сваёй паспяховай кар'еры

У Вільні расследуюць забойства, якое адбылося ўвечары 9 кастрычніка ў двары дома на праспекце Саванору (Savanorių). Мужчына 1981 года нараджэння атрымаў агнястрэльнае раненне ў грудзі і памёр на месцы. Паводле звестак выдання Delfi, загінулага завуць Вінцас Яшмантас, а раней ён насіў прозвішча Данісявічус.

Яшмантас займаўся кікбоксінгам, прытым дабіваўся відавочных поспехаў: у 2016 годзе заваяваў срэбраны медаль на чэмпіянаце Еўропы, а ў 2017‑м стаў чэмпіёнам Літвы. Ён таксама служыў у войску і быў старшым разведчыкам батальёна «Жалезны Воўк». Аднак пазней пакінуў службу пасля абвінавачання ў згвалтаванні, за якое яго асудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Падазраваным у забойстве, паводле інфармацыі Delfi, з'яўляецца Роландас Н. — былы кіраўнік аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Віленскай паліцыі. Ён праслужыў у паліцыі больш за 20 гадоў, а ўзначаленае ім падраздзяленне спецыялізавалася на барацьбе з наркагандлем.

Паводле папярэдняй версіі, канфлікт мог пачацца пасля таго, як Яшмантас справіў патрэбу каля дома, а Роландас Н. зрабіў яму заўвагу.

Як паведаміў сведка таго, што адбылося, пасля гэтага паміж мужчынамі адбылася бойка і прагучала некалькі стрэлаў. Зброя, з якой быў зроблены смяротны стрэл, знаходзілася ў падазраванага на законных падставах. Дакладныя абставіны здарэння высвятляе следства.

Чытайце таксама:

У ЗША мужчына застрэліў восем чалавек, сярод якіх дзеці, і пакончыў з сабой

Упершыню з 1945 года ў ЗША расстраляюць вайскоўца. Такое пакаранне стралку з Форт-Худа ўхваліў Трамп

«Герой Данбаса» забіў і расчляніў сяброўку і яе 19‑гадовую дачку

Каментары да артыкула