«Лукашэнку нельга назваць нават малодшым партнёрам Пуціна». Кіт Келаг расказаў пра ролю Лукашэнкі ў перамовах ЗША і Расіі
Аляксандр Лукашэнка не з'яўляецца для Уладзіміра Пуціна нават малодшым партнёрам, беларускае войска не ўяўляе сур'ёзнай сілы, а частковае зняцце санкцый Вашынгтона было выключна прагматычным крокам дзеля вызвалення палітвязняў. Пра гэта заявіў былы спецпрадстаўнік ЗША па Украіне, а цяпер сустаршыня Цэнтра амерыканскай бяспекі ў Інстытуце палітыкі «Амерыка перш за ўсё» Кіт Келаг, адказваючы на пытанне журналіста выдання «Люстэрка» на Варшаўскім форуме аб бяспецы.
Кіт Келаг. Фота: Dursun Aydemir / Anadolu via Getty Images
Нядаўна Дональд Трамп прапанаваў перавесці Джона Коўла, які займаўся беларускім кірункам, на пасаду спецпрадстаўніка па справах закладнікаў. На цяперашнім Варшаўскім форуме аб бяспецы журналіст «Люстэрка» спытаў у Кіта Келага, ці азначае гэта, што Беларусь і палітвязні больш не з'яўляюцца прыярытэтам для ЗША, а Лукашэнка больш не патрэбны Вашынгтону для кантактаў з Пуціным.
Келаг назваў вызваленне людзей канкрэтнай мэтай, якой Вашынгтон паспяхова дасягнуў. Пры гэтым ён скептычна ацаніў значнасць беларускага палітыка для Расіі.
«Беларусь і Лукашэнка зусім не з'яўляюцца для Пуціна асноўнымі партнёрамі. Я маю на ўвазе, што яго нават нельга назваць малодшым партнёрам. У іх няма моцных узброеных сіл», — заявіў амерыканскі генерал.
Зняцце часткі амерыканскіх санкцый Келаг патлумачыў выключна прагматычнымі прычынамі.
«Мы аддаем перавагу таму, каб самалёты «Боінг» не падалі з неба. І таму мы сказалі, што будзем выконваць пэўныя паслугі пры пэўных умовах — калі яны вызваляць палітычных зняволеных», — расказаў Кіт Келаг.
Ён таксама падзяліўся дэталямі пра свае перамовы з Лукашэнкам і пра тое, як адбывалася вызваленне беларускіх палітвязняў.
«Першая група палітычных зняволеных, якіх мы адтуль выцягнулі, у той момант думала, што іх вязуць на расстрэл. Насамрэч яны былі ў капюшонах, пакуль мы не даставілі іх да мяжы. Урэшце мы знялі з іх гэтыя капюшоны і сказалі, што цяпер яны свабодныя. Гэта быў свайго роду хуткі абмен з Лукашэнкам, і ў мяне была магчымасць прыехаць да яго і пагаварыць. Шчыра кажучы, ён сам расказаў мне пра гэта, каб мы маглі паразмаўляць асобна, — пра тое, як ён прымусіў Яўгена Прыгожына спыніць свой марш [на Маскву] у 2023 годзе. Было вельмі цікава пачуць гэта ад яго, але мяне больш непакоіла вызваленне палітычных зняволеных. І на гэты конт я таксама атрымаў добры адказ», — сказаў Кіт Келаг.
21 чэрвеня 2025 года Кіт Келаг, які на той момант займаў пасаду спецыяльнага прадстаўніка ЗША ва Украіне, прыязджаў у Мінск і правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Пасля гэтага вызвалілі 14 палітвязняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага.
Чытайце таксама:
Кіт Келаг параіў Пуціну, як ён можа вельмі хутка завяршыць вайну
Кіт Келаг расказаў, навошта ЗША вялі перамовы з Лукашэнкам
Кіт Келаг: Калі Лукашэнка ўступіць у вайну з Украінай — гэта будзе яго канец
Келаг раскрытыкаваў НАТА і прапанаваў стварыць новы альянс з удзелам Украіны