БЕЛ Ł РУС

«А дзе ўсе?» Белдзяржцырк шукае адразу 15 работнікаў. У каментарах — шапіто

13.10.2026 / 09:27

Nashaniva.com

Беларускі дзяржаўны цырк абвясціў вялікі набор супрацоўнікаў — патрэбныя як артысты амаль усіх асноўных цыркавых жанраў, так і тэхнічны персанал. Абвестка выклікала сотні жартаў пра тое, куды падзеўся ранейшы калектыў і хто мог бы замяніць усіх адразу.

Абвестку Белдзяржцырк размясціў у Threads 12 кастрычніка. За суткі яна набрала больш за паўтысячы каментароў.

Цырк шукае артыста-акрабата, дывановага артыста, дрэсіроўшчыка жывёл, наезніка, музычнага эксцэнтрыка, эквілібрыста, паветранага гімнаста і рэжысёра-пастаноўшчыка.

Гэта не ўсё. Таксама патрэбныя адміністратар мастацка-артыстычнага персаналу, вядучы эканаміст, рабочы па комплексным рамонце і абслугоўванні будынкаў, прыбіральшчык, ахоўнік, буфетчык і бутафор. Усяго — 15 спецыялістаў.

Незвычайны набор выклікаў у беларусаў галоўнае пытанне: а дзе ўсе папярэднія супрацоўнікі?

«У вас там што, увесь калектыў звольніўся?»

«Прабачце, а што сталася з папярэднімі артыстамі і асабліва з паветранымі гімнастамі?»

«Тыграў не было чым карміць?»

«Можна было проста напісаць: «У Беларускі дзяржаўны цырк патрабуюцца ўсе». Не допіс, а нейкі цырк, шчыра кажучы».

«Вось гэта дэмарш, такога страйку ніхто не ладзіў з 1917 года».

«Мы толькі набылі білеты на 1 лістапада. Калі вы шукаеце цэлы штат, то на каго мы будзем глядзець?»

Некаторыя заўважылі, што ў доўгім спісе няма вакансіі клоўна.

«Клоўн не патрэбны? Мой былы шукае працу».

«Цікава, што шукаюць усіх, акрамя клоўнаў. Наводзіць на думку, што цырк з’ехаў».

«Адчуваю, што ў вас кіраўніцтва — яшчэ тыя клоўны».

Знайшліся ў каментатараў і ўніверсальныя кандыдаты на пасады.

«Усебеларускі народны сход у поўным складзе».

«Спіс вакансій для любой школы».

«Бярыце любую выхавацельку з дзіцячага садка. Адной хопіць на ўсе пасады».

«Лукашэнка ў вас ужо ёсць — артыст і гаспадарнік. Прафесіянал ва ўсіх сферах, з жывёламі ладзіць, майстар і дывановых, і паддывановых спраў. Прыгледзьцеся. Ён проста рэзюмэ адпраўляць не ўмее».

«Ведаю такога чалавека: ён і хакеіст, і футбаліст, і гісторык, умее збіраць кавуны і разбіраецца ў вірусах. Клоўнам сябе не лічыць. У войску служыў, у цырку не смяецца. Ваш чалавек. Можа сядзець на некалькіх крэслах і ўмее сядаць на вялікі шпагат».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула