Начальнік Цэнтральнага РУУС Мінска пакінуў пасаду
Віталь Семянцоў кіраваў раённай міліцыяй пяць гадоў. Яго намеснік — маёр Уладзімір Кубракоў, сын міністра.
Віталь Семянцоў. Фота: mvd.gov.by
48‑гадовы палкоўнік Віталь Семянцоў пакінуў пасаду начальніка Цэнтральнага РУУС Мінска. Ён працаваў на гэтым месцы каля пяці гадоў. Падчас пратэстаў 2020 Семянцоў быў намеснікам начальніка Кастрычніцкага РУУС Мінска — і трапіў у справаздачу праваабаронцаў як адзін з адказных за катаванні затрыманых дэманстрантаў.
Яшчэ раней ён быў намеснікам начальніка Заводскага РУУС.
Віталь Семянцоў (у кепцы) выглядвае з-за пляча міністра Івана Кубракова. Фота: sb.by
Адметнасць Цэнтральнага РУУС Мінска ў тым, што тут на адной з кіруючых пасадаў працуе маёр Уладзімір Кубракоў, сын міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова. Ён з’яўляецца адным з намеснікаў начальніка РУУС, узначальвае крымінальную міліцыю.
Іншыя намеснікі маюць вышэйшыя званні. Яўген Арцёмчык — палкоўнік, а Арцём Кавалёў — падпалкоўнік.