Трамп патлумачыў, чаму не называе Пуціна дыктатарам
Паводле слоў Трампа, у міжнароднай палітыцы важна не абражаць тых, з кім даводзіцца весці перамовы.
Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп падчас сустрэчы ў Анкорыджы на Алясцы ў жніўні 2025 года. Фота: Contributor / Getty Images
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не называе Уладзіміра Пуціна дыктатарам, бо яму даводзіцца заключаць з ім здзелкі. Пра гэта Трамп заявіў у інтэрв’ю карэспандэнту амерыканскай медыягрупы Gray Media Джону Дэкэру, піша РБК-Украіна.
Паводле слоў Трампа, у міжнароднай палітыцы важна не абражаць тых, з кім даводзіцца весці перамовы. Менавіта таму ён лічыць немэтазгодным выкарыстоўваць рэзкія выказванні на адрас расійскага кіраўніцтва.
«Я не называю Пуціна дыктатарам, бо мне даводзіцца заключаць здзелкі з людзьмі, таму я не хаджу і не абзываю іх. Я — майстар заключэння здзелак. Я заўсёды быў вельмі ўмелым перамоўшчыкам. Менавіта дзякуючы здзелкам я стаў вельмі багатым. Таму я не хаджу і не высмейваю людзей», — сказаў прэзідэнт ЗША.
Трамп перакананы, што публічныя абразы і высмейванне кіраўнікоў іншых дзяржаў могуць ускладняць дасягненне дыпламатычных дамоўленасцяў.
Ён супрацьпаставіў уласны падыход палітыцы былога прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, якога абвінаваціў у пастаянным высмейванні Расіі.
На думку Трампа, такія паводзіны сталі адным з фактараў, якія прывялі да вайны ва Украіне.
«Байдэн пастаянна насміхаўся з Расіі. Ён казаў, што гэта «запраўка з ядзернай зброяй» ці нешта падобнае. Але нельга так размаўляць з чалавекам, у якога велізарны ядзерны арсенал. Гэта адна з прычын, чаму пачалася гэтая вайна», — заявіў прэзідэнт ЗША.
Пры гэтым ён не прывёў канкрэтных доказаў таго, што менавіта насмешкі Байдэна сталі прычынай расійскага ўварвання ва Украіну.