БЕЛ Ł РУС

У Пакістане абрынуўся дах школы, загінулі як мінімум 27 вучняў і настаўнік

15.10.2026 / 12:01

Nashaniva.com

Яшчэ 19 чалавек атрымалі траўмы.

Фота: Maaz Awan / AP

У пакістанскім Пешавары ў чацвер абрынуўся дах школы, у выніку загінулі як мінімум 28 чалавек. Як паведаміў Бі-бі-сі прэс-сакратар пешаварскай бальніцы Ледзі Рэдынг Махамад Асім, сярод загінулых — 27 вучняў і адзін настаўнік.

Яшчэ 19 чалавек, паводле слоў Асіма, атрымалі траўмы, пяцёра з іх знаходзяцца ў крытычным стане. Усе загінулыя і траўмаваныя дзеці — ва ўзросце ад шасці да 12 гадоў, у большасці з іх — траўмы галавы.

Выратавальнікі мяркуюць, што пад абломкамі могуць заставацца яшчэ дзеці. Паводле слоў кіраўніка пешаварскай паліцыі Міяна Саіда, у школе было 110 вучняў.

Катастрофа адбылася ў прыватнай школе «Адукацыйны цэнтр Аль-Хаір» на поўначы Пешавара, сталіцы правінцыі Хайбер-Пахтунхва.

Прадстаўнік выратавальнай службы расказаў журналістам, што ў школе абрынуўся дах над трэцім паверхам. Ён упаў на перакрыцце паміж трэцім і другім паверхамі, і яны разам абрынуліся на вучняў у класах.

Прычыны абвальвання афіцыйна яшчэ не ўстаноўленыя, але кіраўнік паліцыі Саід сказаў журналістам, што, паводле яго звестак, прычынай стала нетрывалая канструкцыя будынка.

«Гэта слабая канструкцыя. Дах быў занадта цяжкі і абапіраўся на слабую канструкцыю, што і прывяло да абвальвання», — цытуе Саіда агенцтва Reuters.

Офіс прэзідэнта краіны Асіфа Алі Зардары заявіў у сацыяльнай сетцы X, што гэтая трагедыя ўзрушыла ўсю краіну і што прэзідэнт таксама шчыра спачувае родным загінулых дзяцей.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула