БЕЛ Ł РУС

Ініцыятыва Maldzis вяртае рэдкія міжваенныя фотаздымкі з Косава

15.10.2026 / 13:17

Nashaniva.com

Ініцыятыва Maldzis набыла на аўкцыёне ў Польшчы тры гістарычныя фотаздымкі 1930‑х гадоў, звязаныя з радзімай Тадэвуша Касцюшкі — Косавам і Мерачоўшчынай.

Фотаздымкі 1930‑х гадоў, якія ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Польшчы. Яны звязаныя з радзімай Тадэвуша Касцюшкі — Косавам і Мерачоўшчынай. Фота: Таццяна Капітонава / Maldzis.world

Галоўная знаходка — фатаграфія шыльды з барэльефным партрэтам Касцюшкі. Гэтая памятная табліца калісьці ўпрыгожвала дом у Мерачоўшчыне, дзе Тадэвуш нарадзіўся. Набыты здымак мае памер усяго 10х14 см. Ён датаваны 1936 годам і можа быць адзінай вядомай выявай мемарыяльнай шыльды. 

На двух іншых фотаздымках аўтарства палескага дакументальнага фатографа Юзафа Шыманчыка зафіксаваны суседні палац Пуслоўскіх, што знаходзіцца ў Косаве побач з Мерачоўшчынай. Гэта адзін з самых пазнавальных архітэктурных помнікаў Беларусі. На першым фота бачны фрагмент палацавага фасада, на другім — агульны выгляд будынка з яго характэрнымі вежамі.

Асабліва цікавы стан палаца на фотаздымках. На адным з іх бачныя выбітыя вокны і часткова разбураныя інтэр’еры. Гэта дазваляе ўбачыць помнік не толькі як архітэктурную славутасць, але і як сведку драматычных падзей ХХ стагоддзя.

Палац Пуслоўскіх у Косаве. Фотаздымак 1930‑х гадоў аўтарства Юзафа Шыманчыка. Фота: Таццяна Капітонава / Maldzis.world

Палац Пуслоўскіх у Косаве. Фотаздымак 1930‑х гадоў аўтарства Юзафа Шыманчыка. Фота: Таццяна Капітонава / Maldzis.world

«У гэтым выпадку слова «вяртанне» мае літаральны сэнс. Гэтыя фотаздымкі былі зробленыя ў Беларусі, захавалі сведчанні пра яе часовае польскае мінулае і цяпер вяртаюцца ў месца свайго ўзнікнення. Паколькі аўтар двух здымкаў Юзаф Шыманчык нарадзіўся і жыў у Косаве, а іх уладальнік Чэслаў Гаке працаваў там у 1930‑я гады, то мы вяртаем яшчэ і частку спадчыны людзей, чые лёсы былі звязаныя з Беларуссю», — кажа кіраўнік ініцыятывы Maldzis.

Усе тры фотарарытэты былі набытыя на аўкцыёне ў Польшчы дзякуючы штомесячным ахвяраванням прыхільнікаў ініцыятывы. Наступныя зборы адкрытыя для ўсіх — падтрымаць іх можна праз форму.

У будучыні фотаздымкі будуць перададзеныя ў Музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула