БЕЛ Ł РУС

Цела забітай у Ізраілі 31‑гадовай Яніны пахавалі ў Беларусі. Яе маці спрабуе забраць маленькага ўнука

18.10.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Ганна Русінава дамаглася, каб цела яе дачкі прывезлі з Ізраіля для пахавання ў Беларусі. Цяпер яна хоча забраць унука, які пасля гібелі маці апынуўся ў часовай прыёмнай сям’і.

Яніна Русінава. Фота тут і далей з фэйсбуку актывісткі Лілі Бэн-Амі

31‑гадовая гамяльчанка Яніна Русінава загінула ў Хайфе ў ноч на 25 верасня. Яе знайшлі з цяжкім нажавым раненнем і даставілі ў бальніцу, дзе выратаваць жанчыну не ўдалося. У Яніны застаўся сын, якому на той момант было каля двух месяцаў. Ейнага 28‑гадовага мужа Алі Масваду затрымалі па падазрэнні ў забойстве. Ён адмаўляе віну.

8 кастрычніка цела Яніны адправілі самалётам у Беларусь. Маці Яніны Ганна Русінава прасіла пахаваць дачку побач з магілай яе яўрэйскай бабулі.

Ізраільская арганізацыя дапамагла з фінансаваннем пералёту.

Пытанне пра будучыню сына Яніны застаецца адкрытым. Хлопчык, якому цяпер каля трох месяцаў, знаходзіцца ў часовай прыёмнай сям’і ў Ізраілі пад наглядам сацыяльных службаў. Ганна хоча забраць яго ў Беларусь і выхоўваць сама.

Паводле актывісткі Лілі Бэн-Амі, адсутнасць у бабулі ізраільскага грамадзянства ўскладняе працэс. 

Ганна таксама хоча даць паказанні і расказаць следчым пра адносіны дачкі з мужам. Раней яна паведамляла, што пасля нараджэння дзіцяці Алі раўнаваў Яніну, правяраў яе тэлефон і сам тэлефанаваў цешчы ў Гомель з абразлівымі выказваннямі пра жонку.

Яніна казала маці, што хоча з ім разысціся. Яна разглядала магчымасць на некаторы час з’ехаць да маці ў Беларусь, але не мела грошай на пералёт.

Чытайце таксама:

У Хайфе забілі 31‑гадовую беларуску Яніну. У яе застаўся двухмесячны сын

Маці забітай у Ізраілі Яніны: Яе муж Алі тэлефанаваў мне ў Гомель, абражаў дачку і адчайна яе раўнаваў

Каментары да артыкула