БЕЛ Ł РУС

На паўднёваафрыканскім вінаградніку працаўладкавалі 800 качак

17.10.2026 / 22:38

Nashaniva.com

У экалагічнай вінаграднай гаспадарцы Vergenoegd Löw непадалёк ад Кейптаўна ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы кожную раніцу выходзяць на працу каля 800 індыйскіх бегуноў — парода качак, якую выкарыстоўваюць для натуральнай абароны вінаграднікаў ад шкоднікаў. Гэты метад ужываюць ужо больш за 30 гадоў, паведамляе wp.pl.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Getty Images / Krit of Studio OMG

Спачатку ў гаспадарцы было ўсяго некалькі птушак, але з часам іх колькасць вырасла прыкладна да 800. Па словах кіраўніка гаспадаркі Пітэра Сцюарта, качкі сталі важнай часткай штодзённага жыцця вінаградніка.

Кожную раніцу а восьмай гадзіне птушкі пакідаюць месца начлегу і шчыльнай групай праходзяць праз тэрыторыю гаспадаркі да вінаградных плантацый. Там яны шукаюць найперш слімакоў, якія хаваюцца сярод лісця вінаграднай лазы. Дзякуючы стройнаму целу і выпрастанай паставе качкам зручна перамяшчацца паміж радамі раслін.

Такім чынам гаспадарка скарачае колькасць шкоднікаў без выкарыстання пестыцыдаў. Акрамя таго, качыны памёт служыць натуральным угнаеннем, узбагачаючы глебу пажыўнымі рэчывамі.

У гаспадарцы трымаюць і гусей. Яны ахоўваюць гнёзды і яйкі ад варон ды іншых драпежнікаў. Пасля працоўнага дня птушкі адпачываюць і купаюцца ў суседняй сажалцы.

Ранішні марш качак стаў і мясцовай турыстычнай атракцыяй. Маляўнічая калона птушак прыцягвае жыхароў і гасцей рэгіёна.

Утрыманне вялікага статка абыходзіцца даражэй, чым выкарыстанне хімічных сродкаў. Аднак уладальнікі вінаградніка лічаць, што карысць ад птушак значна шырэйшая: яны падтрымліваюць біяразнастайнасць, дапамагаюць захоўваць мясцовую экасістэму і паляпшаюць стан глебы.

Экалагічныя падыходы гаспадаркі Vergenoegd Löw адзначыла арганізацыя WWF, якая выдала ёй адпаведны сертыфікат. Качкі тут не проста забаўляюць наведнікаў, а выконваюць канкрэтную працу па абароне вінаградных плантацый.

Чытайце таксама:

Капібара збегла з заапарка. Тое, што адбылося далей, ператварылася ў паўгадавы дэтэктыў

Іспанскі смоўж жарэ ўсё запар. Спыніць яго дапаможа піва — любое, і цяпер акурат час для гэтага

Прэзідэнтка Мексікі запрасіла знакамітую качку Мерлін да сябе ў палац, а тая дзеўбанула яе ў руку

Каментары да артыкула