БЕЛ Ł РУС

Рубіа: Украіна не мае доступу да ваеннай спадарожнікавай сістэмы Starshield

18.10.2026 / 16:39

Nashaniva.com

«Яны прасілі доступу для яго, каб наносіць глыбокія ўдары ўнутр Расіі».

Фота: Mark Schiefelbein / AP

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа заявіў, што Украіна пакуль не атрымала доступ да амерыканскай ваеннай спадарожнікавай сістэмы Starshield. Яе, як і Starlink, распрацоўвае кампанія Ілана Маска SpaceX.

«Starlink — гэта камерцыйны прадукт. І таму ён рэгулюецца і апрацоўваецца як камерцыйны прадукт. Starshield — гэта абаронны прадукт, ваенны прадукт», — сказаў Рубіа прэсе.

«Я ведаю, што Украіна хоча атрымаць доступ да Starshield. Зараз у іх няма Starshield. Яны прасілі доступу для яго, каб наносіць глыбокія ўдары ўнутр Расіі», — дадаў ён.

Што да Starlink, Рубіа адзначыў, што Штаты не абмяжоўвалі яго хуткасць для Украіны.

«Я не ведаю, якая ў іх [ва Украіны] версія, але Белы дом да гэтага не мае ніякага дачынення. (…) Ніхто ў Белым доме не загадваў нікому запавольваць інтэрнэт або зніжаць хуткасць, каб пэўныя дроны не маглі ім карыстацца. Але, наколькі я разумею, ён зноў працуе і функцыянуе».

Раней дарадца прэзідэнта Украіны па абаронных тэхналогіях Сяргей Бяскрэстнаў паведамляў пра абмежаванні, якія SpaceX увяла ў ноч на 14 кастрычніка. Сувязь знікала пры руху з хуткасцю звыш 160 км/г. З-за гэтага сарваўся шэраг аперацый. Пасля праца Starlink пачала аднаўляцца. Reuters са спасылкай на свае крыніцы пісала, што загад абмежаваць працу спадарожнікавай сістэмы паступаў з Белага дома. Дональд Трамп у сваю чаргу заявіў, што Starlink Украіне адключаў не ён і наўрад ці Маск.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула