Geely паставіць у свае машыны сэрвісы Google і Gemini
Але пытанне, ці будзе штосьці з гэтага даступна ў Беларусі.
Geely Holding (ZGH) заключыла глабальнае стратэгічнае партнёрства з Google. Ва ўсе прыдатныя аўтамабілі брэндаў групы ўбудуюць Google Automotive Services, у тым ліку Google Gemini, Google Play і Google Maps. Абяцаюць мультымадальны галасавы асістэнт на вялікай моўнай мадэлі, навігацыю, сувязь з іншымі прыладамі, сказана ў прэс-рэлізе кампаніі.
Абноўку атрымаюць такія брэнды, як Geely, Lynk & Co, Proton, Riddara, smart і іншыя.
Першыя аўтамабілі з Gemini плануюць на другую палову 2027 года. Яны будуць прадавацца на замежных рынках, дзе даступныя сэрвісы Google, па-за Кітаем і ЗША. Спіс мадэляў і краін абяцаюць паведаміць пазней.
Але для Беларусі ёсць нюанс. ШІ-памочнік Gemini ў нас афіцыйна недаступны. Да таго ж, Geely для Беларусі збіраюць на заводзе «БелДжы» — ці там будуць ставіць такое абнаўленне, невядома.