Міленіялы могуць стаць самым багатым пакаленнем у гісторыі
Прынамсі такая карціна складваецца ў Вялікабрытаніі. Але шанцуе не ўсім.
Фота: Getty Images / Rowan Freeman
Міленіялы (народжаныя ў 1981—1996 гадах) некалі лічыліся самым няўдачлівым пакаленнем у сучаснай гісторыі. Частка з іх увайшла ў дарослае жыццё ў крызіс 2008 года. Жыллё для іх стала недасяжным, а самі яны мелі стэрэатып пустых транжыраў, піша The Sunday Times.
Выданне аналізуе брытанскую сітуацыю.
Старэйшым міленіялам ужо каля 45. Яны, імаверна, стануць самым багатым пакаленнем у гісторыі. Сярэдні рэальны даход пасля падаткаў у народжаных у 1980‑х у Вялікабрытаніі склаў каля £41,4 тысяч ($55,5 тысяч), больш, чым у любога папярэдняга пакалення ў тым жа ўзросце. Пасля застою ў 20—30 гадоў іх заробкі пачалі абганяць пакаленне X.
Людзі старэйшыя за 65 у Брытаніі валодаюць нерухомасцю на суму звыш £2,5 трлн ($3,35 трлн), і яна дастанецца дзецям. Кожны трэці народжаны ў 1980‑х атрымае спадчыну, роўную прыкладна дзесяці гадам сярэдняга заробку (у пакаленні 1960‑х — кожны шосты). Таму міленіялы больш рызыкуюць: часцей мяняюць працу, адкрываюць бізнэс, больш інвестуюць у акцыі.
Але пакаленне вельмі няроўнае, частка жыве з маленькім даходам. А сярэдні брытанскі міленіял у 40 гадоў яшчэ не мае ўласнага жылля, амаль чвэрць саракагадовых здымае кватэру (раней было каля 6%).
Таму ў сярэднім міленіялы зарабляюць больш за ўсіх, але іх дабрабыт усё мацней залежыць ад таго, ці багатыя ў іх бацькі.