БЕЛ Ł РУС

Жанчына са Смаргонскага раёна дапамагла вярнуць бацькам чатырохгадовага хлопчыка

19.10.2026 / 10:09

Nashaniva.com

Яе дзеці сказалі: «Мама, ты герой!»

Жанчыне падзякавалі ў міліцыі

У Дзень маці, 14 кастрычніка, Алена Болзан вярталася са Смаргоні дадому, у вёску, і за два кіламетры ад райцэнтра ўбачыла незнаёмага маленькага хлопчыка. Ён адзін ішоў у бок прыгарадных вёсак, паведамляе Гродзенская міліцыя БелТА

«Я ехала з дачкой з танцаў. Выехаўшы за горад, убачыла на ўзбочыне маленькае дзіця. Спынілася, уключыла аварыйную сігналізацыю. А малы хуткім крокам пайшоў далей, — успамінае Алена.— Я зразумела, што ён зусім адзін. Мне стала за яго страшна».

Жанчына загаварыла з малым. Той расказаў, што яго завуць Цімур, яму чатыры гады і ён ідзе «да таты дадому», але назваць адрас, прозвішча або месца працы бацькоў не змог. На ўсе пытанні адказваў: «Не ведаю».

«Ён адмовіўся садзіцца ў машыну, проста стаяў і абдымаў мяне. І толькі калі я пачала тэлефанаваць у міліцыю, хлопчык заплакаў», — працягнула расказ Алена.

Патэлефанаваўшы мужу і ў хуткую дапамогу, жанчына выклікала міліцыю. Праз дзевяць хвілін на лінію 102 паступіла паведамленне ад маці дзіцяці, якая згубіла сына каля аднаго з гандлёвых цэнтраў у Смаргоні.

Начальнік Смаргонскага РАУС Дзмітрый Місюк падкрэсліў: цяжка сказаць, што магло б здарыцца з малым, калі б неабыякавая жанчына не заўважыла яго на дарозе і не спынілася. Ад імя смаргонскай міліцыі ён падзякаваў Алене за неабыякавасць, чуласць і гатоўнасць прыйсці на дапамогу, уручыў ёй падзяку і прэмію.

«Мае дзеці, калі даведаліся пра гэта, сказалі: «Мама, ты герой!»» — з усмешкай сказала Алена Болзан.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула