БЕЛ Ł РУС

«Да новай сустрэчы, наш мілы хлопчык. Мы будзем любіць цябе вечна». Сіндзі Кроўфард упершыню выказалася пра смерць сына

19.10.2026 / 13:16

Nashaniva.com

Супермадэль Сіндзі Кроўфард упершыню публічна выказалася пра смерць свайго сына Прэслі Гербера.

Прэслі Гербер, Кая Гербер, Сіндзі Кроўфард і Рэндзі Гербер. Фота: Gilbert Flores/WWD via Getty Image

27‑гадовы Гербер памёр 20 верасня ў рэабілітацыйным цэнтры ў Каліфорніі, піша Бі-бі-сі.

«Ён — мілая, цудоўная душа, якая любіла і якую любяць — цяпер і назаўжды», — напісала Сіндзі Кроўфард у Instagram, апублікаваўшы чорна-белы здымак сына.

«Мы так ганарымся тым, як ён пражыў сваё жыццё, — з дабрынёй і адкрытасцю».

Гербер памёр 20 верасня ў рэабілітацыйным цэнтры ў Каліфорніі. Паліцыя паведаміла, што ў якасці магчымай прычыны смерці расследуецца перадазіроўка.

Гербер быў мадэллю, як і яго маці, а таксама малодшая сястра Кая. Яго дэбют на подыуме адбыўся ва ўзросце 16 гадоў, калі ён узяў удзел у паказе італьянскага брэнда Moschino. Ён здымаўся ў рэкламе Calvin Klein і Dolce & Gabbana, а ў 2018 годзе разам з маці з'явіўся ў рэкламным роліку Pepsi. Яго бацька Рэндзі Гербер — бізнэсмен, які разам з Джорджам Клуні стаў сузаснавальнікам брэнда тэкілы Casamigos.

«Мы шчаслівыя, што Прэслі быў у нашым жыцці на працягу 27 гадоў, — напісала Кроўфард. — Мы ўдзячныя за вялізную любоў і падтрымку з боку такой колькасці людзей, якія ведаюць і любяць нашу сям'ю, а таксама незнаёмых людзей, якія падзяляюць наш боль».

«Да новай сустрэчы, наш мілы хлопчык. Мы будзем любіць цябе вечна— мама, тата і Кая», — дадала яна ў завяршэнне.

Сястра Гербера, Кая, у нядзелю таксама прысвяціла яму публікацыю. Яна выклала відэа, на якім яны з братам яшчэ дзецьмі танчаць разам, фатаграфію, дзе яны стаяць каля акіяна, а таксама чатырохстаронкавы ліст.

«Я вучуся любіць цябе, калі не магу цябе бачыць. Вучуся размаўляць з табой, не хапаючыся за тэлефон, каб патэлефанаваць. Вучуся быць тваёй сястрой у свеце, дзе я не магу да цябе дастукацца», — напісала яна.

Судова-медыцынская экспертыза акругі Лос-Анджэлес класіфікуе справу Гербера як такую, што патрабуе дадатковага расследавання. У той жа час паліцэйскае ўпраўленне горада Санта-Моніка заявіла, што няма ніякіх прыкмет таго, што смерць наступіла ў выніку злачынных дзеянняў.

У апошнія гады Гербер адкрыта расказваў пра свае праблемы з псіхічным здароўем і ўжыванне наркотыкаў, а таксама публікаваў у Instagram відэа, якія называў «Панядзелкі псіхічнага здароўя» (Mental Health Mondays).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула