NYT апісала пасланне Трампа Зяленскаму на перамовах у Осла
Амерыканскі бок на сустрэчы ў Осла паспрабуе пераканаць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пагадзіцца на тэрытарыяльныя саступкі дзеля пагаднення з Расіяй. Пра гэта піша The New York Times.
Фота Joe Raedle / Getty Images
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп усё больш рашуча мае намер навязаць Зяленскаму здзелку. ЗША хочуць патлумачыць украінскаму лідару, што ўтрымліваць тэрыторыі не варта. Больш за тое, Украіна таксама зможа «зарабіць», калі адмовіцца ад пярэчанняў супраць пагаднення.
Памочнікі Трампа называюць цяперашні момант пераломным і настойваюць, што Зяленскі павінен даказаць гатоўнасць дамаўляцца з Расіяй, нават калі гэта азначае адмову ад тэрыторыі.
«Менавіта такім будзе амерыканскае пасланне Зяленскаму ў аўторак у Осла», — піша NYT.
20 кастрычніка з украінскім прэзідэнтам сустрэнецца спецпасланнік Трампа Стыў Уіткаф. Зяць прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер далучыцца дыстанцыйна, бо захварэў. У абмеркаванні таксама возьмуць удзел прэм'ер Нарвегіі Ёнас Гар Сцёрэ і прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб. Пасля перамоваў у Осла Уіткаф мае намер паехаць у Маскву.
Паводле даных Axios, перад паездкай амерыканскія перагаворшчыкі падалі Трампу абноўлены план урэгулявання і атрымалі ад яго інструкцыі. У Осла таксама чакаюцца прадстаўнікі групы E4, куды ўваходзяць Вялікабрытанія, Германія, Францыя і Польшча, Еўрасаюза і НАТА.