БЕЛ Ł РУС

Стыў Уіткаф сустрэнецца з Пуціным заўтра

20.10.2026 / 20:42

Nashaniva.com

Амерыканскі перамоўшчык Стыў Уіткаф плануе сустрэцца з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу 21 кастрычніка. Пра гэта паведаміла газета The New York Times.

Стывен Уіткаф з Уладзімірам Пуціным у Крамлі 5 верасня 2026 года. Фота: Kremlin Press Office/Anadolu via Getty Images

Чакаецца, што Уіткаф паспрабуе прадэманстраваць перавагі заключэння дамоўленасцяў з Пуціным, дамогшыся вызвалення амерыканца, які працяглы час знаходзіцца пад вартай у Расіі.

Пра каго менавіта ідзе гаворка, не ўдакладняецца. Паводле The New York Times, адзіны грамадзянін ЗША, якога Дзяржаўны дэпартамент адносіць да катэгорыі незаконна затрыманых у Расіі, — Стывен Хабард. Ён ваяваў на баку Узброеных сіл Украіны і быў асуджаны да шасці гадоў і дзесяці месяцаў калоніі.

20 кастрычніка прадстаўнікі Трампа сустрэліся з Зяленскім у Осла. Уіткаф прысутнічаў асабіста, а зяць Трампа Джарэд Кушнер далучыўся дыстанцыйна, бо захварэў на грып. У сустрэчы таксама ўдзельнічалі прэм’ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Сцёрэ і прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб.

Пасля сустрэчы Ёнас Гар Сцёрэ пацвердзіў, што сустрэча амерыканскага перамоўцы з Пуціным адбудзецца.

Раней газета Financial Times таксама паведамляла, што пасля перамоў у Осла Уіткаф адправіцца ў Расію. Паводле яе звестак, адной з яго мэтаў будзе дамагчыся вызвалення Хабарда.

Стывену Хабарду 72 гады. У кастрычніку 2024 года расійскі суд прысудзіў яго да шасці гадоў і дзесяці месяцаў калоніі агульнага рэжыму паводле артыкула аб найміцтве. Паводле версіі следства, у лютым 2022 года Хабард уступіў у тэрытарыяльную абарону Ізюма ў Харкаўскай вобласці, дзе жыў з 2014 года. У красавіку таго ж года ён трапіў у расійскі палон, пасля чаго яго аддалі пад суд.

У красавіку 2025 года, яшчэ пры папярэдняй адміністрацыі прэзідэнта ЗША, Дзяржаўны дэпартамент заклікаў Расію вызваліць Хабарда.

Чытайце таксама:

Уіткаф пасля сустрэчы па Украіне ў Нарвегіі плануе сустрэцца з Пуціным

Пасланнікі Трампа заявілі Кіеву, што спрабуюць вярнуць Пуціна за стол перамоваў з дапамогай дызельнай здзелкі

ЗША і Еўропа распрацоўваюць мірны план, які дасць Украіне гарантыі бяспекі, а Расіі — эканамічныя выгады

New York Times: Вашынгтон спакушаў Расію ў тым ліку вывадам беларускага калію з-пад санкцый

Каментары да артыкула