БЕЛ Ł РУС

«Просьба прыбраць вашы прыдзверныя дыванкі». У Мінску на дзвярах пад'езда павесілі дзіўную аб'яву

20.10.2026 / 23:07

Nashaniva.com

У Мінску на дзвярах пад’езда дома №36 на вуліцы Якуба Коласа з’явілася незвычайная абвестка. Ад імя ЖЭУ-3 Першамайскага раёна жыхароў папрасілі прыбраць дыванкі каля ўваходных дзвярэй у кватэры, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Тэкст абвесткі быў напісаны са шматлікімі памылкамі і складаўся з бязладных сказаў. У ім сцвярджалася, што жыхары павінны прыбраць дыванкі на падставе пункта 16.6 Правіл карыстання жылымі памяшканнямі, зацверджаных пастановай Савета міністраў Беларусі № 399.

У жыхароў узніклі сумневы, што такое паведамленне маглі падрыхтаваць супрацоўнікі камунальнай службы. Пытанні выклікаў і спосаб яго размяшчэння: аркуш паперы прымацавалі скотчам да дзвярэй, хоць у пад’ездзе ёсць спецыяльныя дошкі для абвестак. За такое парушэнне камунальнікаў маглі б прыцягнуць прынамсі да дысцыплінарнай адказнасці.

У адміністрацыі Першамайскага раёна адмаўляюць дачыненне супрацоўнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі да распаўсюджвання паведамлення. Яны кажуць, што абвестку размясціў нехта з гараджан у якасці пранка.

Пры гэтым на мінулым тыдні ў ЖЭУ-3 паступіла заяўка ад аднаго з жыхароў гэтага дома. Ён прасіў абавязаць суседзяў прыбраць дыванкі, а ў выпадку невыканання патрабавання прыцягнуць іх да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі.

Аднак пасля праверкі пад’езда спецыялісты прыйшлі да высновы, што жыхары не парушаюць правіл. У жыллёва-камунальнай гаспадарцы патлумачылі, што невялікія пляскатыя дыванкі, размешчаныя непасрэдна каля ўваходу ў кватэры, не звужаюць праходы настолькі, каб гэта перашкаджала эвакуацыі, і не замінаюць свабодна адчыняць дзверы. Таму такія прадметы не лічацца загрувашчваннем або захламленнем шляхоў эвакуацыі.

Пакуль застаецца невядомым, ці ўдасца знайсці аўтара фальшывай абвесткі і прыцягнуць яго да адказнасці за самадзейнасць.

Чытайце таксама:

Якасць вады ў Мінску сталі кантраляваць праз анлайн-карту

У Мінску больш не будзе камерцыйнага долевага будаўніцтва

Улады збіраюцца зменшыць колькасць аўкцыёнаў пры продажы арэнднага жылля

Каментары да артыкула