БЕЛ Ł РУС

Стаць акадэмікам можна будзе толькі з дазволу Рады бяспекі

21.10.2026 / 10:44

Nashaniva.com

А калі была адміністратыўка за ўдзел у пратэстах, то нельга нават вылучацца.

Кандыдатаў у акадэмікі і члены-карэспандэнты будуць дапускаць да выбараў толькі пасля праверкі Дзяржсакратарыята Рады бяспекі. А навукоўцы, якіх пакаралі адміністратыўкай за ўдзел у пратэстах, не змогуць нават вылучацца. Такія правілы прадугледжвае новая рэдакцыя статуту Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Адпаведны ўказ №367 Лукашэнка падпісаў 19 кастрычніка. Ён пачне дзейнічаць праз шэсць месяцаў — вясной 2027 года.

Згодна з указам, акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў абірае Агульны сход НАН. Аднак перш чым навукоўца зарэгіструюць кандыдатам, яго дакументы павінны будуць прайсці праверку ў Дзяржаўным сакратарыяце Рады бяспекі.

Там трэба атрымаць заключэнне «аб адсутнасці звестак, якія перашкаджаюць абранню ў члены Акадэміі навук». Без такога заключэння кандыдата не зарэгіструюць, а значыць, да галасавання ён не дойдзе.

Асобна прапісана, каго нельга нават вылучаць.

Сярод падстаў — адміністрацыйнае правапарушэнне, звязанае з «парушэннем парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Такім чынам, забарона закране і навукоўцаў, пакараных паводле гэтай падставы за ўдзел у пратэстах.

У гэтым жа пераліку — злачынствы «экстрэмісцкай накіраванасці», цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. З адміністрацыйных правапарушэнняў згадваюцца таксама дзеянні з нацысцкай сімволікай і матэрыяламі, якія ўтрымліваюць заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуюць яе.

Ёсць і шырэйшая фармулёўка: вылучацца нельга пасля «іншых дзеянняў, якія наносяць шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам ці накіраваныя на дыскрэдытацыю акадэмічнага вучонага звання». Якія менавіта дзеянні маюцца на ўвазе, у гэтым пункце не ўдакладняецца. Не пазначаны тут і тэрмін, пасля якога пералічаныя ўчынкі перастаюць быць перашкодай для вылучэння.

Рашэнне прэзідыума НАН аб адмове ў рэгістрацыі кандыдата статут называе канчатковым.

Пры гэтым прадугледжаны і шлях атрымання акадэмічнага звання без выбараў. Лукашэнка зможа прысвойваць яго сваім указам тым, хто, на яго погляд, унёс значны ўклад у нацыянальную эканоміку, беларускую і сусветную навуку. Кандыдатуры яму будзе прапаноўваць прэзідыум НАН.

Адначасова скарачаюць колькасць месцаў у Акадэміі: для акадэмікаў прадугледжана 90 замест 100, для членаў-карэспандэнтаў — 120 замест 145.

Такога ступеню дзяржаўнага кантролю над Акадэміяй навук не было нават у савецкі час. Гэтая структура тады захоўвала высокую ступень аўтаноміі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула