БЕЛ Ł РУС

12 выпускнікоў ЕГУ і іх выкладчыкі стварылі ў Вільні «Тэатр 21»

21.10.2026 / 11:13

Nashaniva.com

Ужо ў гэтую пятніцу можна схадзіць на першы спектакль па-беларуску.

Выпускнікі тэатральнай праграмы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта вырашылі пасля вучобы застацца разам і стварыць незалежны тэатр «Тэатр 21». З імі працуюць Вольга Палевікова, былая кіраўніца Віленскага старога тэатра, і рэжысёр Аляксандр Марчанка, піша «Волна».

Першапачаткова меркавалася, што маладыя артысты вернуцца ў Беларусь і будуць працаваць там. Паводле слоў Палевіковай, падзеі 2020 года, а затым поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну разбурылі гэтыя планы. Уласны тэатр стаў спосабам працягнуць працу ў эміграцыі.

«Патрэба займацца тэатрам разам аказалася мацнейшай за ўсе цяжкасці, з якімі мы сутыкнуліся. За час вучобы сфармавалася група людзей, якім ёсць што сказаць адно аднаму і гледачу», — кажа Палевікова.

Удзельнікі хочуць гаварыць пра жыццё паміж краінамі, культурамі і мовамі, пра страх і нявызначанасць, пра права адрознівацца ад іншых. Пры гэтым абмяжоўваць сябе тэмай эміграцыі яны не збіраюцца.

У рэпертуары — пастаноўкі паводле твораў Брэхта і Гамбровіча, «Шакалад» Джоан Харыс, сучасная беларуская драматургія, дакументальныя і паэтычныя спектаклі. Літаратурныя тэксты артысты спалучаюць з уласнымі гісторыямі.

Бліжэйшы паказ — 23 кастрычніка (пятніца) ў 18:30: «Вяртанне галадара» — пераасэнсаванне апавядання Кафкі беларускім драматургам Сяргеем Кавалёвым.

Спектакль пройдзе на беларускай мове ў будынку ЕГУ па адрасе Savičiaus g. 17. Працягласць — 1 гадзіна 20 хвілін. Квіткі — ад 20 еўра: набыць квіткі.

На 30 кастрычніка каманда таксама анансавала спектакль «I’m the Heir».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула