БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская абмеркавала з рэктарам ЕГУ падтрымку беларускіх студэнтаў і будучыню ўніверсітэта

21.10.2026 / 11:26

Nashaniva.com

Сустрэча прайшла ў Варшаве.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

У Варшаве Святлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з рэктарам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Вілюсам Шадаўскасам. У сустрэчы таксама браў удзел старшыня кіроўнай рады ўніверсітэта Мантас Адаменас, паведамляе прэс-служба ЕГУ.

Беларуская лідарка падкрэсліла, што ЕГУ — вялікі набытак і каштоўнасць для беларускага грамадства, і яго неабходна захаваць як беларускі ўніверсітэт у еўрапейскай адукацыйнай прасторы і зберагчы яго беларускую місію і фокус. 

Было абмеркаванае развіццё беларускіх праграмаў у межах універсітэта, выкладанне беларускай мовы, большае ўключэнне беларусаў у працэс прыняцця рашэнняў, а таксама правядзенне ў найбліжэйшы час кансультацый пра будучыню універсітэта з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай і акадэмічнай супольнасці. Раней Ціханоўская накіравала ліст кіраўніцтву ўніверсітэта з прапановамі ад беларускай супольнасці па яго развіцці.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Паводле Ціханоўскай, цяпер важна падтрымаць беларускіх студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў ЕГУ, якія ўжо сутыкнуліся з рэпрэсіямі, а многія пасля прызнання ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй» не могуць вярнуцца дадому. Разам з рэктарам абмеркавалі пытанні бяспекі студэнтаў і абітурыентаў, а таксама праблемы легалізацыі для студэнтаў і супрацоўнікаў у Літве.

«У маёй камандзе працуюць і выпускнікі, і выкладчыкі ЕГУ. Я ведаю, як шмат гэты ўніверсітэт даў беларусам, і хачу, каб такую магчымасць мелі наступныя пакаленні студэнтаў. Каб таленавітыя студэнты маглі вучыцца незалежна ад даходаў сям’і, а беларускія выкладчыкі — працягваць сваю працу. І, вядома, нам важна, каб універсітэт захоўваў сваю беларускую місію і фокус. Мы працягнем кансультацыі з кіраўніцтвам універсітэта, і, спадзяюся, будзем больш камунікаваць і супрацоўнічаць», — сказала Святлана Ціханоўская.

Чытайце таксама:

12 выпускнікоў ЕГУ і іх выкладчыкі стварылі ў Вільні «Тэатр 21»

Каментары да артыкула