Зяленскі затрымаўся ў Нарвегіі, чакаючы вяртання Уіткафа пасля перамоў з Пуціным
«Магчыма, мы сустрэнем яго ў аэрапорце. Мы спадзяёмся атрымаць ад яго інфармацыю», — сказаў прэм'ер Нарвегіі.
Стыў Уіткаф, прэзідэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб, Уладзімір Зяленскі, прэм'ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Сторэ, фота Heiko Junge/Pool NTB via AP
Уладзімір Зяленскі застаўся ў Нарвегіі пасля ўчорашняй сустрэчы з амерыканскім перамоўшчыкам па Украіне Стывам Уіткафам. У Нарвегіі чакаюць, што пасля завяршэння перамоў у Расіі Уіткаф у сераду вернецца ў Осла, што можа сведчыць пра актывізацыю перамоў і пераход да «чаўночнай дыпламатыі», піша Moscow Times.
«Раніцай правялі яшчэ адну сустрэчу з Ёнасам у Осла. Шмат што залежыць ад таго, ці ўдасца сёння амерыканскаму боку пачуць ад Расіі нешта новае — пра мір, а не пра працяг вайны», — паведаміў у сераду Зяленскі ў сваіх сацыяльных сетках.
Прэм’ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Сцёрэ заявіў, што пасля завяршэння перамоў у Расіі Уіткаф у сераду вернецца ў Осла.
«Магчыма, мы сустрэнем яго ў аэрапорце. Мы спадзяёмся атрымаць ад яго інфармацыю», — сказаў Сторэ.
Напярэдадні пасля сустрэчы з Уіткафам Зяленскі заявіў, што ЗША і Украіна ўзгаднілі ў Нарвегіі шэраг прапаноў па завяршэнні вайны ва Украіне, у тым ліку гарантыі бяспекі для Кіева.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа паведаміў, што сустрэча Уіткафа з Зяленскім прайшла пазітыўна і што Уіткаф перадасць яе вынікі Расіі.