БЕЛ Ł РУС

З 1 лістапада нельга лавіць сома і сіга

21.10.2026 / 16:16

Nashaniva.com

У Беларусі з 1 лістапада ўводзіцца сезонная забарона на лоўлю сома еўрапейскага і сіга чудскага. Пра гэта нагадалі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com

Забарона на лоўлю сома будзе дзейнічаць па ўсёй краіне з 1 лістапада па 31 сакавіка. З набліжэннем зімы рыба залягае ў ямах і іншых сховішчах, дзе праводзіць халодны перыяд амаль нерухома. У такім стане яна становіцца лёгкай здабычай для нядобрасумленных рыбаловаў, таму абмежаванне павінна дапамагчы захаваць папуляцыю гэтага віду.

Лавіць сіга чудскага забараняецца з 1 лістапада па 15 снежня. Гэта звязана з перыядам яго нерасту: абмежаванне павінна стварыць спрыяльныя ўмовы для размнажэння рыбы.

Калі рыбалоў выпадкова зловіць сома або сіга ў перыяд дзеяння забароны, ён павінен неадкладна выпусціць рыбу назад у вадаём незалежна ад яе стану.

За парушэнне сезонных абмежаванняў прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь — цяпер гэта ад 450 да 1350 рублёў. Акрамя таго, у парушальніка могуць канфіскаваць рыбалоўныя прылады і абавязаць яго кампенсаваць шкоду, нанесеную прыродзе.

Калі незаконная рыбалка прывяла да значнай шкоды, парушальніку можа пагражаць ужо крымінальная, а не адміністрацыйная адказнасць. Значнай лічыцца шкода на суму ад 100 базавых велічынь, што цяпер складае 4500 рублёў.

Чытайце таксама:

На Мінскім моры злавілі сома памерам з падлетка

У Мінскім моры злавілі гіганцкага сома ФОТА

На Прыпяці злавілі сома вагой 75 кілаграмаў ФОТЫ

Каментары да артыкула