БЕЛ Ł РУС

Мінчанка назвала сына незвычайным імем. Яе Добр у Беларусі адзіны

22.10.2026 / 10:55

Ганна Стафановіч

Маці кажа, што дзіўна рэагуюць на Добра толькі дарослыя — у дзяцей звычайна пытанняў няма.

Таццяна Юркевіч. Скрыншот відэа ў тыктоку

У 2022 годзе Таццяна Юркевіч нарадзіла хлопчыка. Імя яму вырашылі даць небанальнае — Добр. Жанчына настойвае: гэта не скарачэнне ад Дабрыні, а самастойнае паўнавартаснае імя.

Каб зарэгістравалі дзіця з такім іменем, бацькам прыйшлося пісаць у ЗАГСе заяву з просьбай дазволіць назваць сына менавіта — бо ў слоўніках ніякага Добра, натуральна, няма.

Таццяна сваім рашэннем цалкам задаволеная. 

«Я люблю, як яно гучыць. Гэты набор зычных надае нейкай строгасці, сур'ёзнасці імя. А ў спалучэнні з іменем па бацьку — Добр Мікіціч — проста разрыў майго сэрцайка», — кажа жанчына ў сваім блогу ў тыктоку.

Тое, што ў будучыні ва ўнукаў будуць імёны па бацьку Дабровіч або Даброўна Таццяну не засмучае. 

Праблемы праз арыгінальнае імя дзіцяці ўзнікаюць толькі з дарослымі. Таццяна скардзіцца, што амаль кожны лічыць сябе абавязаным ацаніць імя. Адны адзначаюць «класнае імя», «цікава назвалі». Іншыя кажуць «Што ў бацькоў у галаве?».

Часам даходзіць да абсурду — маці прызнаецца, што яе ўжо не аднойчы спрабавалі пераканаць, што па-сапраўднаму хлопчыка мусяць зваць Дабрыня, а людзі, якія дазволілі ўпісаць у дакументы Добр, звар'яцелі.

Крыху здзіўлены былі і бабулі-дзядулі. Тыя цікавіліся, як жа ж іншыя дзеці будуць называць іх унука. Бо ўсё ж большасць беларусаў прывыкла да больш стандартных імёнаў.

Дзеці ж, па словах маці, звычайна не здзіўляюцца, пачуўшы імя новага сябра.

«Ёсць дзеці, якія «ну сказаў і сказаў, давай гуляць». Ёсць дзеці, якія перапытваюць. І тады я ўжо падключаюся і кажу, што яго завуць Добр. Бо такі набор зычных дзіцяці прамовіць складана».

Малыя не смяюцца, не круцяць пальцам ля скроні. Для іх гэта цалкам нармальнае імя.

Таццяна кажа, што яе Добр — адзіны ў Беларусі. Таму яна нават крыху засмуцілася, калі глядзела традыцыйную падборку незвычайных імёнаў нованароджаных за 2022 год і не пабачыла там імя свайго сына.

Чытайце таксама:

Радасць Тараканава. Як жыве дырэктарка школы з такім незвычайным імем?

Пара з Гомеля назвала сына вельмі незвычайным імем. Такога ў абласным цэнтры больш няма

Вацлаў-Манівід, Каліна-Бяроза… Беларуска назвала чацвярых дзяцей незвычайнымі імёнамі, каб яны не былі такімі, як усе

Каментары да артыкула