У Польшчы затрымалі другога падазраванага ў забойстве мастака Сямёна Скрапецкага
22 кастрычніка польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымала 22‑гадовага грамадзяніна Грузіі Махмуда А. Яго падазраюць у садзейнічанні забойству расійскага мастака Роберта Кузаўкова, вядомага пад псеўданімам Сямён Скрапецкі, піша выданне Most.
Сямён Скрапецкі
Сямёна Скрапецкага застрэлілі 15 чэрвеня ў польскім горадзе Белай-Падляшскай, размешчаным непадалёк ад беларускай мяжы. Па інфармацыі следства, невядомы мужчына зрабіў у яго бок тры стрэлы з кароткарулевай агнястрэльнай зброі. Калі мастак упаў, нападнік падышоў бліжэй і стрэліў яшчэ двойчы.
Сапраўднае імя мастака — Роберт Кузаўкоў. Ён быў мастаком-карыкатурыстам, бардам, акцыяністам і блогерам, вядомым сваёй антыпуцінскай пазіцыяй. У сваіх працах і перформансах ён крытыкаваў расійскія ўлады, у тым ліку Уладзіміра Пуціна і кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава. У некаторых ягоных творах фігураваў і Аляксандр Лукашэнка. У 2021 годзе мастак пераехаў у Польшчу, асцерагаючыся палітычнага пераследу.
Паводле інфармацыі польскіх спецслужбаў, Махмуд А. прыляцеў з Грузіі ў Польшчу 18 кастрычніка. На наступны дзень яго затрымалі на аўтастаянцы каля аўтамагістралі А2. Разам з ім знаходзіліся яшчэ двое грамадзян Грузіі.
Следства мяркуе, што Махмуд А. мог дапамагаць Эльнуру А. — іншаму грамадзяніну Грузіі, якога затрымалі 18 чэрвеня, праз тры дні пасля забойства Скрапецкага. Эльнуру А. выставілі абвінавачанне ў забойстве і ўзялі пад варту.
У наступныя месяцы супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі праводзілі аператыўныя мерапрыемствы, каб выявіць усіх магчымых удзельнікаў злачынства. У выніку яны выйшлі на Махмуда А., якому выставілі абвінавачанні ў садзейнічанні забойству, а таксама ў незаконным захоўванні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў. Сваю віну ён не прызнаў.
21 кастрычніка суд у Любліне пастанавіў узяць Махмуда А. пад варту на тры месяцы.
Двух іншых грамадзян Грузіі, затрыманых разам з ім, перадалі польскай Памежнай службе. У дачыненні да іх пачалі працэдуру дэпартацыі з краіны з забаронай на паўторны ўезд у Польшчу на дзесяць гадоў.
Чытайце таксама:
Якія карыкатуры на Лукашэнку рабіў забіты ў Польшчы расійскі мастак
У забітага ў Белай-Падляшскай мастака Скрапецкага засталося пяцёра дзяцей, а ўдава цяжарная шостым
Звязаны з аргзлачыннасцю. Падрабязнасці пра падазраванага ў забойстве расійскага мастака ў Польшчы