БЕЛ Ł РУС

Латвія ўвяла лабараторныя праверкі ўсіх грузаў беларускага збожжа

22.10.2026 / 18:21

Nashaniva.com

Служба дзяржаўных даходаў Латвіі з верасня правярае ўсе партыі збожжа, якія паступаюць з Расіі і Беларусі. Мэта праверак — высветліць, ці не вывозяць праз латвійскую тэрыторыю збожжа з акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторый.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Пра гэта паведаміла генеральная дырэктарка службы Байба Шмітэ-Роке ў эфіры тэлеканала TV3. Паводле яе слоў, супрацоўнікі правяраюць дакументы, якія суправаджаюць кожны груз. Адначасова Харчова-ветэрынарная служба Латвіі адбірае ўзоры збожжа з транзітных партый і адпраўляе іх на лабараторныя даследаванні ў Францыю і Вялікабрытанію.

Экспертызы павінны дапамагчы вызначыць паходжанне збожжа і высветліць, ці было яно вырашчанае на акупаваных украінскіх тэрыторыях.

Калі даследаванні пацвердзяць украінскае паходжанне збожжа з акупаваных тэрыторый, інфармацыю перададуць атрымальнікам грузу. Акрамя таго, вынікі праверак могуць стаць падставай для абмежавання дзейнасці адпаведнага перавозчыка ў Латвіі. Не выключаецца і забарона на далейшы транзіт збожжа праз краіну.

Пры гэтым Байба Шмітэ-Роке не ўдакладніла, ці ўдалося ўжо выявіць партыі збожжа, паходжанне якіх звязанае з акупаванымі тэрыторыямі Украіны.

Нягледзячы на ўзмоцненыя праверкі, транзіт збожжа з Расіі і Беларусі праз Латвію істотна павялічыўся. За першыя дзевяць месяцаў 2026 года яго аб’ём быў у 2,7 раза большы, чым за аналагічны перыяд 2025 года. Абсалютныя аб’ёмы перавезенага збожжа не паведамляюцца.

Чытайце таксама:

У Латвіі рэзка павялічыўся збожжавы транзіт з Беларусі. За дзевяць месяцаў у 913 разоў больш, чым за ўвесь мінулы год

Латвія ўвядзе мыта 300% на транзіт збожжа з Беларусі

Латвія падоўжыла забарону імпарту прадуктаў і кармоў з Беларусі

Каментары да артыкула