Золата на сусветным рынку патаннела да мінімуму амаль за тры месяцы
Біржавыя ф’ючарсы на золата з пастаўкай у снежні 22 кастрычніка патаннелі больш чым на 2% — да 4055 даляраў за тройскую ўнцыю на 17:00 паводле мінскага часу. Паводле меркавання аналітыкаў Trading Economics, падзенне цэн звязанае з падаражаннем нафты і асцярогамі інвестараў наконт росту інфляцыі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Найніжэй цана золата апускалася да 4051,7 даляра за ўнцыю. Гэта мінімальны ўзровень з пачатку жніўня. Срэбра таксама патаннела: яго кошт апусціўся ніжэй за 56 даляраў за ўнцыю, наблізіўшыся да мінімуму амаль за тры месяцы.
На фоне абвастрэння напружанасці на Блізкім Усходзе нафта маркі Brent 22 кастрычніка ўпершыню з мая ў дзённы час падаражэла больш чым да 112 даляраў за бараль. Да вечара яе кошт крыху знізіўся — да 111,3 даляра.
Адначасова даходнасць скарбовых аблігацый ЗША дасягнула найвышэйшага ўзроўню за тыдзень. У такой сітуацыі інвестары аддаюць перавагу даўгавым інструментам, якія прыносяць даход, а не золату, валоданне якім звязанае з выдаткамі.
Раней праз падзенне сусветных цэн на каштоўныя металы Міністэрства фінансаў Беларусі рэзка знізіла закупачныя цэны на золата, срэбра і плаціну, якія насельніцтва здае дзяржаве.
Чытайце таксама:
У Беларусі рэзка выраслі цэны на золата
Парадокс: брыльянты патаннелі ўдвая, а пярсцёнкі даражэюць. Чаму?
На фоне росту цэн на каштоўныя металы беларусы часцей сталі здаваць срэбра ў ламбарды