БЕЛ Ł РУС

У амерыканскім серыяле пра паліцыю ўспомнілі Беларусь

24.10.2026 / 09:00

Сафія Смірніцкая

«Марская паліцыя: Спецаддзел» (NCIS) — велізарная амерыканская тэлефраншыза, дзеля якой за апошнія 23 гады знялі 8 серыялаў. У апошнім з іх не абышлося без згадкі Беларусі.

Сэм Хана з напарнікам. Фота: CBS

6 кастрычніка на амерыканскім канале CBS выйшаў першы эпізод «Марской паліцыі: Нью-Ёрк» (NCIS: New York). Гэта восьмы серыял у сусвеце NCIS, франшызы пра агенцтва, што расследуе злачынствы ў амерыканскім флоце або тыя, да якіх датычныя амерыканскія маракі.

Новы серыял пабудаваны вакол Сэма Ханы, агента марской паліцыі ў Нью-Ёрку, які разам са сваёй камандай абараняе родны горад. У першым выпуску Хана толькі вяртаецца ў Нью-Ёрк, бо ягоны сябар і саслужывец знойдзены мёртвым, і плануе сам расследаваць гэтую справу.

Фота: CBS

Падчас расследавання Сэм з камандай выходзяць на мужчыну, які нібыта дапамагаў злачынцам, і той расказвае ім, чаму на гэта пайшоў.

Аказалася, што цягам года Дэйв — так клічуць мужчыну — перапісваўся ў дэйтынгавым дадатку з Катрынай, прыгажуняй з Беларусі. За той год яны так і не сустрэліся, але, запэўнівае Дэйв, ён над гэтым працаваў і нават набыў ужо для Катрыны квіток на самалёт.

Але ж замест сустрэчы ён атрымаў інфармацыю, што Катрыну выкралі і яе жыццё пад пагрозай. Каб абараніць дзяўчыну, Дэйв зрабіў тое, што ад яго патрабавалі злачынцы: пагадзіўся перавезці наймітаў на лодцы, падклаў на лодку свае грошы, каб прадставіць сябра Ханы звязаным са злачыннай дзейнасцю, а потым яшчэ і дапамог злачынцам з укрыццём. Калі Дэйв расказаў усё гэта на допыце, яму патлумачылі, што ніякай Катрыны не існуе і ён, хутчэй за ўсё, перапісваўся з нейкім Іванам, якому быў патрэбны чалавек з лодкай у Нью-Ёрку.

Рэйтынгі ў серыяла неблагія — першая серыя набрала на рэсурсе IMDb 7,5 балаў з 10 па водгуках гледачоў. У жывым эфіры яе паглядзелі 5,49 мільёна амерыканцаў, і гэта добры паказчык для тамтэйшага тэлебачання.

Чытайце таксама:

У Беларусі пакажуць фільм пра кіраўніцу Theranos, асуджаную на 11 гадоў за буйное махлярства. Фільм б'е ўсе магчымыя рэйтынгі

У сусветны пракат сёння выходзіць «Клара і Сонца». У галоўнай ролі — зорка «Уэнсдэй»

У Беларусі здымаюць серыял пра «СВА». Набіраюць масоўку на дыверсантаў, а сярод акцёраў — былы міністр Руслан Чарнецкі

Каментары да артыкула