У Іарданіі ў хрысціянскай царкве падчас пахавання пачалася страляніна
Двое ўзброеных невядомых у Іарданіі адкрылі агонь у царкве Хамуд падчас пахавальнай цырымоніі. Паводле інфармацыі дзяржаўных СМІ краіны, загінулі прынамсі сем чалавек, яшчэ не менш за дзесяць атрымалі раненні.
Фота: Al Mamlaka
Страляніна адбылася ў мухафазе Эль-Карак. Паводле інфармацыі, нападнікі пад'ехалі да царквы на аўтамабілі, увайшлі ўсярэдзіну і адкрылі агонь, пасля чаго ўцяклі.
На месца здарэння накіравалі супрацоўнікаў сіл бяспекі. Іншыя падрабязнасці пакуль афіцыйна не паведамляюцца.
Відавочцы падзей расказалі, што ў пачатку пахавальнай працэсіі пачуўся выбух, пасля чаго двое мужчын у масках уварваліся ў царкву і адкрылі агонь. Адзін з нападнікаў быў узброены пісталетам, другі — вінтоўкай.
Падобныя атакі ў Іарданіі здараюцца вельмі рэдка. Пакуль ніхто не ўзяў на сябе адказнасць за напад.
Хрысціяне складаюць меншасць насельніцтва краіны, якое налічвае каля 11,5 мільёна чалавек. Але пры гэтым у Іарданіі знаходзіцца некалькі біблейскіх мясцін, якія вабяць хрысціян з усяго свету.
Чытайце таксама:
Трое дзяцей і адзін дарослы загінулі ў выніку стральбы ў пачатковай школе ў ЗША
У ЗША падчас страляніны ў прыватным доме загінулі 9 чалавек
У ЗША мужчына застрэліў восем чалавек, сярод якіх дзеці, і пакончыў з сабой