БЕЛ Ł РУС

На аўкцыёнах прадалі дзве канфіскаваныя кватэры Аляксандра Азарава

26.10.2026 / 09:00

Міра Нікановіч

Ахвотнікаў забраць чужое жыллё было няшмат — усяго трое прэтэндэнтаў на дзве кватэры.

Фота: e-auction.by

Як расказаў «Нашай Ніве» Аляксандр Азараў, улады прадалі з аўкцыёну яго арыштаваныя кватэры ў Мінску.

Адна з іх — аднапакаёўка плошчай 30,6 м² на вуліцы Карастаянавай, дзе прапісаны сам Азараў. Гэты аўкцыён па сутнасці не адбыўся. З'явіўся толькі адзін ахвотнік забраць сабе жыллё, забранае ў гаспадароў. У выніку ён заплаціў 151 тысячу рублёў ($54 тысяч па курсе на той дзень) і забраў ключы.

Фота: e-auction.by

Фота: e-auction.by

У другой кватэры, двухпакаеўцы плошчай 52,7 м² на вуліцы Скрыпнікава, былі зарэгістраваныя жонка Азарава і дзве яго непаўналетнія дочкі.

На гэта жыллё паклалі вока дзве асобы. У выніку яны разагналі цану з 220 тысяч рублёў да 231 тысяч рублёў. Гэта канчатковыя $82500.

Фота: e-auction.by

Фота: e-auction.by

Азараў расказвае, што абедзве кватэры набытыя падчас шлюбу, то-бок палова належала яго жонцы.

Таксама ў 2020‑м Азараў набыў на аўкцыёне ўчастак зямлі ў Беларусі, пра лёс якога ён цяпер нічога не ведае. Гэта 15 сотак пад Ракавам, дзе ён планаваў пабудаваць дом, ужо былі падведзеныя камунікацыі — вада, каналізацыя, святло. 7 жніўня 2020‑га на тым участку скончылі працу пад закладку фундамента. 

У верасні таго ж года Азараў планаваў заліваць фундамент, а ў 2021‑м сям’я марыла засяліцца ў дом. Апошні раз ён чуў пра ўчастак якраз у 2021‑м — тады яму пісалі з сельсавета і патрабавалі пабудаваць дом да канца года, або зямля будзе канфіскаваная.

Навіну пра продаж кватэр Азараў прыняў без лішніх эмоцый: «Не шкадую ні аб чым. Бо жыву ў свабоднай дэмакратычнай краіне, дзе ў мяне і дзяцей ёсць вялікія магчымасці для жыцця і развіцця».

Чытайце таксама:

Загінуў беларускі добраахвотнік Віталь «Вітушка» Трыгубаў

Мастак арганізаваў у Мінску бясплатную сталовую, якая існуе ўжо амаль 30 гадоў

Прабітыя лёгкія, разарваная печань і сэкс з малалетняй: што адбываецца ўнутры беларускай міліцыі і як начальства гэта хавае

Каментары да артыкула