Беларусь заняла 20‑е месца ў свеце па даўгах Кітаю
У 2024 годзе запазычанасць Беларусі перад кітайскімі крэдыторамі склала 2,76 мільярда даляраў. У сусветным рэйтынгу краін з найбольшымі завінавачанасцямі перад Кітаем Беларусь заняла 20‑е месца сярод 35‑ці дзяржаў, піша Thinktanks.pro.
Аляксандр Лукашэнка і кітайскі лідар Сі Дзіньпін. Фота: president.gov.by
Рэйтынг апублікавала Visual Capitalist на аснове даных Сусветнага банка. Беларусь апынулася паміж Рэспублікай Конга, якая завінавацілася Кітаю 2,97 мільярда даляраў, і Эквадорам з запазычанасцю 2,71 мільярда даляраў.
Ніводная з суседніх з Беларуссю краін у рэйтынг не трапіла. Акрамя Беларусі, сярод еўрапейскіх дзяржаў у спісе прысутнічае толькі Сербія, якая заняла 18‑е месца з доўгам 3,21 мільярда даляраў.
Першае месца ў рэйтынгу заняў Пакістан з запазычанасцю 22,38 мільярда даляраў. На другім месцы знаходзіцца Ангола — 14,4 мільярда, на трэцім — Шры-Ланка з 8,69 мільярда.
У першую дзясятку найбуйнейшых даўжнікоў Кітая таксама ўвайшлі Эфіопія з запазычанасцю 7,44 мільярда даляраў, Бангладэш — 6,63 мільярда, Егіпет — 5,91 мільярда, Кенія — 5,37 мільярда, Замбія — 5,33 мільярда, Нігерыя — 5,32 мільярда і Лаос — 5,31 мільярда.