БЕЛ Ł РУС

У апошнім баі прыкрыў сабою іншых. Кім быў загінулы ва Украіне беларускі добраахвотнік Віталь «Вітушка» Трыгубаў

25.10.2026 / 10:00

Nashaniva.com

«Спачывай з мірам, годны беларус. Для мяне гонар, што я быў з табой знаёмы», — кажа Уладзімір Жыгар.

Віталь «Вітушка» Трыгубаў

За некалькі дзён да пачатку вялікай вайны Віталь Трыгубаў прыехаў у Вільню. Здавалася, пасля затрыманняў, сутак і ўцёкаў з Беларусі яго жыццё нарэшце магло стаць бяспечным. Сябры дапамагалі з візай, ён пачынаў абжывацца ў новым горадзе. А потым Расія напала на Украіну.

«Як толькі пачалася вайна, ён напісаў мне, што едзе ў Кіеў. Без найменшых роздумаў. Ён не мог паступіць інакш», — успамінае Уладзімір Жыгар з «Белпола».

Віталь з пазыўным «Вітушка» быў сярод першых беларускіх добраахвотнікаў, якія ў лютым 2022 года калонай вырушылі абараняць Кіеў. Наступныя чатыры з паловай гады ён правёў на вайне. Служыў у беларускіх падраздзяленнях «Волат» і «Тэрор», пазней далучыўся да Беларускага добраахвотніцкага корпуса.

19 кастрычніка 2026 года 34‑гадовы Віталь Трыгубаў загінуў падчас выканання баявой задачы. Паводле Беларускага добраахвотніцкага корпуса, у сваім апошнім баі ён прыкрыў сабою пабрацімаў з батальёна Hatred. 

Камера №13

Уладзімір Жыгар пазнаёміўся з Віталём у жодзінскай турме, у камеры №13.

Уладзіміра прывезлі туды 11 жніўня 2020 года, калі пратэсты ўжо ахапілі Беларусь. Віталь Трыгубаў сядзеў у камеры ўжо некалькі дзён: яго прэвентыўна затрымалі яшчэ напярэдадні выбараў. Таму Віталь і астатнія арыштаваныя не ведалі, што адбылося ў краіне 9 жніўня. Новапрыбыўшыя расказвалі ім пра выбары, збіццё людзей, барыкады і тысячы беларусаў, якія выйшлі на вуліцы.

Сам Віталь, згадвае Уладзімір, разумеў, што ўлады не дадуць яму спакойна дажыць да дня галасавання:

«Ён быў вядомым актывістам «Маладога фронту» і ведаў, што яго затрымаюць пад нейкай надуманай прычынай. Так і здарылася».

На той момант Віталь Трыгубаў ужо меў немалы досвед сутак, судоў і пратаколаў. Ён быў сябрам і сакратаром «Маладога фронту», удзельнічаў у кампаніі па абароне Курапатаў, падтрымліваў палітвязняў і назіраў за выбарамі.

У 2019 годзе Трыгубава судзілі за ўдзел у велапрабегу «Маладога фронту». У тым жа годзе Віталя і Дзяніса Урбановіча аштрафавалі за ўскладанне кветак да помніка Янку Купалу. Міліцыя пабачыла тады ў гэтым «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».

У сакавіку 2020‑га новы пратакол склалі за ўскладанне кветак да будынка, дзе ў 1918 годзе была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам таксама палічылі парушэннем. 

31 мая 2020 года Віталя Трыгубава затрымалі пасля выбарчага пікета на Камароўскім рынку. Разам з ім сілавікі забралі актывістаў Андрэя Войніча і Максіма Вінярскага, і нават кіроўцу таксі, у якім ехаў Віталь. Але пасля чарговых сутак ён зноў і зноў вяртаўся да актывізму.

«Аднойчы выйшаў пасля сутак, патэлефанаваў мне і сказаў, што сядзеў разам з Анатолем Лябедзькам, — расказвае Уладзімір Жыгар. — Ён быў і ў цэнтры Мінска 25 сакавіка 2021 года. Адтуль паведамляў, што адбываецца ў горадзе, куды і як рухаюцца сілавікі».

Яшчэ праз пяць месяцаў Віталя Трыгубава зноў затрымалі разам з Дзянісам Урбановічам і актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Сяргеем Мацкойцем. Гэта адбылося 26 жніўня 2021 года на Гомельшчыне. Іх вазілі з Веткі ў Мазыр, дапытвалі ў Следчым камітэце. Праз некалькі дзён адпусцілі. 

Пасля гэтага Віталь вырашыў сыходзіць з Беларусі. Літаральна — палямі і агародамі.

Падрабязнасцяў Уладзімір Жыгар не раскрывае. Кажа толькі, што шлях праз Палессе ва Украіну быў тады самым хуткім і рэальным: Віталь дабраўся да Мазыра, дзе знайшліся людзі, гатовыя дапамагчы яму перайсці мяжу.

Спачатку ён хацеў застацца ва Украіне. Уладзімір Жыгар настойваў, каб Віталь усё ж ехаў далей у Еўропу. Яны доўга займаліся дакументамі і візай. Нарэшце, у лютым 2022‑га Віталь Трыгубаў апынуўся ў Вільні. Але бяспечнае жыццё працягнулася некалькі дзён.

З Ірпеня да Бахмута

Пасля расійскага ўварвання Вітушка вярнуўся ва Украіну з адной з першых груп беларускіх добраахвотнікаў. У размовах з Уладзімірам Жыгарам ён згадваў Ірпень, Бучу, раненні і службу ў палку Каліноўскага. 

Былы добраахвотнік Аляксандр «Кусь» Клачко запомніў Вітушку па Лісічанску ў першай палове чэрвеня 2022 года. Гэта быў час цяжкіх баёў за Севераданецк і Лісічанск — апошнія буйныя гарады Луганшчыны, якія яшчэ заставаліся пад украінскім кантролем.

Пазней яны сустрэліся ў Краматорску. На прыфрантавой базе Вітушка запраўляў машыны, на якіх добраахвотнікі выязджалі працаваць у раён Бахмута.

«Мы з ім мала камунікавалі. Пасля я асабліва не сачыў за ягоным шляхам, — кажа Аляксандр Клачко. — Ведаю, што прыкладна з сакавіка ён разам з Дзянісам «Ваўкалакам» Урбановічам далучыўся да Беларускага добраахвотніцкага корпуса і, магчыма, удзельнічаў у ягоных аперацыях.

Апошні раз Аляксандр Клачко бачыў Вітушку ў канцы сакавіка 2026 года ў Кіеве — на пахаванні іншага беларускага добраахвотніка.

Прамы, часам да рэзкасці

У сакавіку 2025 года вакол батальёна «Волат» узнік востры канфлікт. Дзяніс Урбановіч тады заявіў, што частку беларускіх байцоў у Кіеве прымусова, «пад дуламі аўтаматаў», пераводзяць у іншыя падраздзяленні Замежнага легіёна. Прычыны і абставіны гэтага рашэння публічна так і не былі цалкам растлумачаныя. 

Аляксандр Клачко згадвае, што ў той дзень каля 40 беларускіх добраахвотнікаў прыехалі да вайсковай часткі, каб падтрымаць двух байцоў, якіх збіраліся перавесці. Адным з іх, паводле Клачко, быў Вітушка.

Таксама Аляксандр Клачко кажа, што Віталь Трыгубаў быў сярод групы байцоў, якія прымусілі добраахвотніка Аляксандра Лахвіча запісаць «пакаяльнае» відэа. Пры гэтым сам Лахвіч пасля сцвярджаў: з шасці ўдзельнікаў той гісторыі толькі Вітушка паводзіў сябе па-чалавечы, нібыта трапіў туды за кампанію.

Уладзімір Жыгар называе Віталя адкрытым і часам занадта прамалінейным. Ён не быў зручным чалавекам, які б падбіраў словы так, каб нікога не пакрыўдзіць. У лістападзе 2025 года Віталь Трыгубаў выступаў у Вільні ад імя групы беларускіх добраахвотнікаў, рэзка крытыкаваў дэмакратычныя структуры і абвінавачваў іх у тым, што яны нібыта гавораць ад імя ўсіх беларусаў, хоць прадстаўляюць толькі саміх сябе. Ён не хаваў сваіх поглядаў і не спрабаваў падабацца ўсім. 

«Ён быў добрым чалавекам. Адкрытым, прамалінейным, добрым сябрам, — гаворыць Уладзімір Жыгар. — Патрыётам і сапраўдным беларусам».

«Стаў дарослым»

Пазыўны «Вітушка» ён узяў не выпадкова. Яшчэ да вайны Віталь Трыгубаў цікавіўся беларускім нацыянальным рухам. Апошні раз Уладзімір Жыгар сустракаўся з ім у 2025 годзе на Форуме Астрожскіх.

«Было вельмі прыемна пабачыцца, пагаварыць. Ён змяніўся — стаў дарослым, — успамінае Уладзімір і развітваецца з ім словамі:

Спачывай з мірам, годны беларус. Для мяне гонар, што я быў з табой знаёмы». 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула