БЕЛ Ł РУС

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі

26.10.2026 / 00:09

Сяргей Гезгала

Па яго словах, «Студэнцкі спіс» набірае каля 135—140 мандатаў і атрымае большасць, а Сербская прагрэсіўная партыя Вучыча — толькі 105 месцаў. Рэкордная яўка не пакінула шанцаў партыі ўлады.

Аляксандр Вучыч прызнаў паразу на выбарах у Сербіі, 25 кастрычніка 2026. AP Photo / Darko Vojinovic

Рэкордны прыход выбарцаў у Сербіі даў «Студэнцкаму спісу» шанс перамагчы Вучыча.

Аляксандр Вучыч і яго Сербская прагрэсіўная партыя лавіравалі між Еўрасаюзам і Расіяй, былі і нашым і вашым. З аднаго боку, Вучыч актыўна выкарыстоўваў прарасійскую і антызаходнюю рыторыку. З другога, Сербія зарабіла немалыя грошы на продажы зброі Украіне. Але для сербскіх выбарцаў галоўнымі былі не геапалітычныя меркаванні, а эканоміка і карупцыя.

Вучыч і яго кола кантралявалі многія прыбытковыя сферы эканомікі.

«Студэнцкі спіс» нарадзіўся з руху пратэсту пасля катастрофы на вакзале Нові-Сада, выкліканай нядбайнасцю падрадчыкаў, звязаных з кіраўніцтвам краіны. У гэты спіс аб’ядналася грамадзянская супольнасць, адхіліўшы ад удзелу старую партыйную апазіцыю. Грамадства сустрэла гэта з энтузіязмам. Гэтым і тлумачыцца высокі прыход на выбарах.

Па словах Вучыча, «Студэнцкі спіс» набірае каля 135—140 мандатаў і атрымае большасць, а Сербская прагрэсіўная партыя Вучыча — толькі 105 месцаў. Рэкордная яўка не пакінула шанцаў партыі ўлады.

Яшчэ некалькі месцаў зарэзерваваныя для нацыянальных меншасцей. Іншыя партыі ў Скупшчыну не праходзяць.

Сербія — краіна з 7‑мільённым насельніцтвам, па ўзроўні эканамічнага развіцця прыкладна роўная Беларусі.

Перамога апазіцыі на выбарах будзе азначаць і далейшы рух Сербіі ў бок Еўропы, аддаленне ад Расіі. Паразу Вучыча можна параўнаць з няўдачай Орбана на выбарах у Венгрыі. Нягледзячы на выдаткаваныя Расіяй немалыя рэсурсы, Маскве не ўдалося замацаваць выгадных сабе палітыкаў ля стырна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула