БЕЛ Ł РУС

«Мы чакалі цябе». Як венесуэльцы сустракалі Марыю Мачада ВІДЭА

26.10.2026 / 10:57

Nashaniva.com

Лідарку венесуэльскай апазіцыі, лаўрэатку Нобелеўскай прэміі міру Марыю Карыну Мачада, якая вярнулася на радзіму пасля дзесяці месяцаў за мяжой, сустракалі дзясяткі тысяч людзей. Праз натоўпы прыхільнікаў дарога ў Каракас заняла восем гадзін.

Яшчэ ўдзень 25 кастрычніка людзі пачалі збірацца на аўтастрадзе на ўездзе ў сталіцу. Чакалі больш за чатыры гадзіны: спявалі, танцавалі, уздымалі сцягі. На мастах развесілі венесуэльскія сцягі, на сценах з’явілася: «Сардэчна запрашаем на сваю зямлю», піша Efecto Cocuyo.

Каля 21:40 стала вядома, што картэж ужо блізка. Людзі пабеглі пасярод аўтастрады. Неўзабаве паказаўся чорны пазадарожнік, і Мачада высунулася з люка.

«Мы чакалі цябе, каб Венесуэла вярнула сабе свабоду!» — крычалі з натоўпу.

Людзі занялі ўсе чатыры паласы. Пажылыя, падлеткі, жанчыны і мужчыны трымалі тэлефоны над галовамі. Некаторыя вялі жывыя трансляцыі, хоць сувязь перыядычна знікала.

Мачада ціснула рукі, абдымала прыхільнікаў.

Для многіх вяртанне палітыка стала нечаканасцю. Адна з жанчын расказала журналістам, што гатавала абед, калі пачула навіну па радыё. Спачатку падумала, што гэта жарт, потым кінула посуд і ўзялася правяраць тэлефон.

«Гэта было дзіўнае пачуццё — са страхам, з надзеяй. Я адчула сябе шчаслівай», — сказала яна.

Пасля спрэчных выбараў 2024 года Мачада больш за год хавалася ў Венесуэле. Пры канцы 2025‑га яна таемна выехала, каб атрымаць Нобелеўскую прэмію міру. Некалькі яе спробаў вярнуцца дагэтуль не ўдаліся.

Цяпер сярод вітальных воклічаў гучала і патрабаванне новых выбараў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула