Мінскі планетарый пераехаў у Нацыянальную бібліятэку
Мінскі планетарый на час рамонту пераехаў з парку імя Горкага ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Каб наведаць паказы фільмаў на новым месцы, цяпер неабходна загадзя запісацца і мець чытацкі білет бібліятэкі, паведамляе News.by.
Нацыянальная бібліятэка. Фота: «Наша Ніва»
У бібліятэцы каманда планетарыя запусціла лекторый пра пошукі пазазямнога жыцця ў межах сумеснага праекта «Папулярная астраномія». Паказы фільмаў «Экзапланеты» і «Пошукі жыцця ў Сусвеце» выклікалі вялікую цікавасць: колькасць ахвотных перавысіла ўмяшчальнасць залы. Таму арганізатары ўвялі папярэдні запіс.
Рамонт планетарыя стаў часткай рэканструкцыі комплексу будынкаў у парку імя Горкага. З пачатку 2026 года ўстанова не працуе ў сваім звыклым будынку.
Праект мадэрнізацыі прадугледжвае поўнае тэхнічнае пераабсталяванне, замену інжынерных сетак, абнаўленне фасадаў і інтэр'ераў.
Паводле візуалізацый праекта, будынак захавае рысы савецкага канструктывізму — выразныя вуглаватыя лініі і вялікія вокны. Таксама плануецца ўсталяваць неонавую шыльду, якая будзе адпавядаць агульнай стылістыцы.
Дакладная дата адкрыцця Мінскага планетарыя пасля рэканструкцыі пакуль не паведамляецца.
Чытайце таксама:
Абсерваторыя Мінскага планетарыя амаль гатовая да ўводу пасля рэканструкцыі
На Мінскім планетарыі ставяць купал, ён круціцца на 360 градусаў