БЕЛ Ł РУС

«У дзяўчыны быў дыпламатычны імунітэт — ад расійскай амбасады». Як агенты спрабавалі трапіць на канферэнцыі з удзелам беларусаў

26.10.2026 / 23:14

Міра Нікановіч

Не аднаму Паўлу Севярынцу даводзілася лавіць агентаў на мерапрыемствах. Медыяменеджарка Марыя Садоўская-Камлач расказала «Нашай Ніве», на якія вынаходніцтвы здольныя людзі на заданні, каб трапіць туды, куды іх не клікалі.

Фота: Офіс Ціханоўскай

Марыя згадвае, як у пачатку 2019‑га ў Празе адбывалася буйная канферэнцыя з удзелам медыйшчыкаў з усяго свету. Садоўская-Камлач тады была адной з суарганізатарак. Галоўную частку праводзілі ў адным з пражскіх гатэляў, а да памяшканняў, дзе ўсё адбывалася, можна было трапіць выключна па спісах удзельнікаў.

«У рэстаране гатэля быў запланаваны абед. Калі мы вярталіся з яго ў памяшканне, заўважылі: наша калега, якая зламала нагу, размаўляе з дзяўчынай, якая вязе яе інвалідны вазок. Пры гэтым мы не памятаем імя гэтай удзельніцы.

Яны амаль увайшлі ў залу, калі мы спынілі іх і папрасілі ўдзельніцу сказаць, адкуль яна. Тая прадставілася перакладчыцай. Калі мы запыталі, з якой на якую мову, аказалася, што з англійскай на рускую. На рускай мове ва ўсёй канферэнцыі размаўлялі толькі я, мая калега і яшчэ адзін ці два чалавекі з вельмі добрай англійскай».

Дзяўчына ўсё роўна настойвала, што яна перакладчыца, якую нанялі на канферэнцыю, і што арганізатары перашкаджаюць ёй працаваць. Яны звярнуліся па дапамогу да гатэля, і супрацоўнікі выклікалі паліцыю. Пакуль яе чакалі, у гатэль званілі людзі, якія прадстаўляліся наймальнікамі так званай перакладчыцы, і пагражалі арганізатарам за тое, што ёй нібыта не даюць працаваць.

Вынік быў нечаканы:

«Калі паліцыя з’явілася і папрасіла дакументы, дзяўчына сказала, што ў яе дыпламатычны імунітэт ад расійскай амбасады, і яе ўсё роўна адпусцяць. На той момант у пражскай амбасадзе Расіі было больш за 100 акрэдытаваных дыпламатаў, гэта быў галоўны цэнтр па сачэнні за падзеямі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Таму тое, што нехта мог быць адкамандзіраваны на такую ролю, не здзівіла».

Марыя была сведкай і іншых падзей, інфармацыя з якіх трапляла да непажаданых асобаў. Яна ўспамінае, як пасля канферэнцыі ў Нідэрландах на рускамоўным сайце выйшлі прапагандысцкія артыкулы пра дэструктыўную інфармацыйную дзейнасць.

І нават закрыты фармат мерапрыемства не заўжды ратуе. Прыкладна ў 2016‑-2017 гадах у Рызе праводзілі канферэнцыю, дзе Марыя звярнула ўвагу на дзіўнага мужчыну: 

«Ён сачыў за тымі, хто ўваходзіць і выходзіць з залы, у бары ля яго, некалькі гадзін пацягваючы адно і тое ж піва. Нарэшце гэты чалавек не вытрымаў і падышоў да мяне і яшчэ адной дзяўчыны ля дзвярэй — у нас былі бэйджы ўдзельніц. І спытаў, ці выйшлі ўжо з залы супрацоўнікі пэўнага медыя.

Я ледзь аўтаматам не адказала праўду, а пасля зразумела магчымую прычыну пытання і запыталася ў адказ: «А хто гэта такія?» 

У выніку мужчыне давялося ўжо самому распавядаць Марыі гісторыю таго медыя. Пры гэтым, кажа яна, ён не прадставіўся. А ніхто з таго медыя не планаваў з ім сустрэчы, ды і ўвогуле іх удзел у праграме не быў заяўлены.

Ніколі нельга выключыць, кажа Марыя, што сярод удзельнікаў падзеі не знойдзецца чалавек, які свядома ці несвядома будзе перадаваць інфармацыю трэцім асобам ці арганізацыям.

Чытайце таксама:

Севярынец расказаў, як на з’ездзе БХД лавілі агентаў

«Шпіён у кішэні»: расійскі месенджар Max сочыць за карыстальнікамі і дапамагае блакаваць VPN

Яго памочнік быў агентам «Штазі», а палітыку тайна падтрымліваў КГБ. Чаму нас вучыць гісторыя Вілі Бранта

Каментары да артыкула