БЕЛ Ł РУС

У Мінску работніка ціра затрымалі за хабар сілавікам

26.10.2026 / 21:07

Nashaniva.com

У Мінску 37‑гадовага супрацоўніка ціра затрымалі за спробу даць хабар супрацоўнікам патрульна-паставой службы міліцыі (ППСМ).

Скрыншот з відэа

На спецлінію 102 звярнуўся жыхар сталіцы, які прыйшоў з сынам у ціры. Паводле яго слоў, работнік установы быў п’яны і лаяўся.

Супрацоўнікі ППСМ Маскоўскага РУУС, якія прыбылі на месца, знайшлі мінчука, што спаў у палатцы ціра. У мужчыны былі відавочныя прыкметы алкагольнага ап’янення.

Сілавікі папрасілі яго даць кантакты дырэктара фірмы, у якой ён працуе. Замест гэтага мужчына прапанаваў «вырашыць пытанне» на месцы і паспрабаваў перадаць міліцыянтам 760 рублёў, каб пазбегнуць адміністрацыйнага затрымання, медыцынскага агляду і складання пратакола.

Нягледзячы на неаднаразовыя папярэджанні, што дача хабару з’яўляецца крымінальным злачынствам, мужчына пакінуў грошы на стале перад супрацоўнікамі.

Мінчука затрымалі і даставілі ў РУУС. Супраць яго распачалі крымінальную справу за дачу хабару службовай асобе пры выкананні службовых абавязкаў.

Чытайце таксама:

Беларуска спрабавала даць хабар кіраўніку расійскай калоніі, каб сына перавялі ў іншы атрад

За хабар арыштавалі кіраўніка Аршанскага мясакансервавага камбіната. Два месяцы таму ён прымаў на заводзе прэм'ера Турчына

Названы памер самага вялікага хабару ў 2026 годзе

Каментары да артыкула