Пад Кобрынам затрымалі браканьераў з 300 кілаграмамі ласінага мяса
Пад Кобрынам затрымалі браканьераў, якія незаконна застрэлілі лася. Іх змясцілі ў следчы ізалятар. У рамках крымінальнай справы канфіскавалі каля 300 кілаграмаў ласінага мяса, дзве зарэгістраваныя стрэльбы з патронамі і два аўтамабілі.
Фота: t.me/gosinspekciya
Злачынства дапамаглі раскрыць сляды крыві на ўскрайку сельскагаспадарчага поля. У лесе інспектары знайшлі парэшткі жывёлы: галаву, шкуру, капыты, вантробы і хрыбетнік.
Падчас агляду месца незаконнага палявання супрацоўнікі Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету знайшлі сляды пратэктараў шын і абломак рашоткі бампера.
Фота: t.me/gosinspekciya
У суседнім населеным пункце знайшлі аўтамабіль, у якога не хапала менавіта гэтага фрагмента бампера. Малюнак пратэктараў ягоных шын супаў са слядамі на месцы злачынства.
Фота: t.me/gosinspekciya
На тэрыторыі знаходзіліся двое мужчын у камуфляжным адзенні. На даху гаспадарчых пабудоў інспектары знайшлі шэсць мяшкоў са свежым ласіным мясам. У салоне другога аўтамабіля ляжала зарэгістраваная паляўнічая стрэльба, з якой, як высветлілі інспектары, і быў застрэлены лось.
Фота: t.me/gosinspekciya
Мужчыны прызналіся ў зробленым на месцы. Кобрынскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу паводле часткі 4 артыкула 282 Крымінальнага кодэкса Беларусі — за незаконнае паляванне, якое нанесла шкоду ў асабліва буйным памеры.
Паводле звестак Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, памер нанесенай шкоды склаў 300 базавых велічыняў, або 13,5 тысячы беларускіх рублёў.
Чытайце таксама:
Ласяня, якое ў Рэчыцкім раёне ўратавалі ад браканьераў, вярнулі ў лес
У Рэчыцкім раёне браканьеры нацкоўвалі паляўнічых сабак на безабароннае ласяня ВІДЭА
У Вілейскім раёне затрымалі браканьера, які незаконна забіў лася
У Мсціслаўскім раёне браканьер злавіў 740 чырванакніжных ракаў