Сербская тэлекампанія папрасіла ў гледачоў прабачэння, што шмат гадоў дурыла ім галовы
Сербская грамадская тэлекампанія «Радыё і тэлебачанне Ваяводзіны» (RTV) пачала выпуск навін 26 кастрычніка з прабачэнняў перад гледачамі за шматгадовае аднабаковае асвятленне падзей і падтрымку ўрадавай пазіцыі, паведамляе выданне Vijesti.
Скрыншот з відэа
Вядучы выпуску прызнаў, што тэлеканал замоўчваў важную інфармацыю і не выконваў журналісцкіх стандартаў.
«Грамадскі вяшчальнік на працягу многіх гадоў не выконваў сваіх функцый. Ён замоўчваў, заплюшчваў вочы, падаваў аднабаковую інфармацыю, асвятляў падзеі некрытычна, не задаваў патрэбных пытанняў або ўвогуле не задаваў пытанняў. І за гэта мы павінны папрасіць прабачэння ў гледачоў», — заявіў вядучы.
Ён дадаў, што частка супрацоўнікаў RTV змагалася за магчымасць свабодна працаваць у адпаведнасці з этычнымі прынцыпамі журналістыкі. Аднак, паводле яго слоў, своечасова дамагчыся перамогі ў гэтай барацьбе не ўдалося, таму яе неабходна працягваць.
На фоне гэтых падзей выканаўца абавязкаў кіраўніка першай праграмы Ваяводскага грамадскага тэлебачання Ненад Чачыч падаў у адстаўку. Гэта адбылося на патрабаванне часткі супрацоўнікаў і генеральнага дырэктара RTV Горана Караджыча.
На пасаду кіраўніка першай праграмы прызначылі Блажа Попавіча, сербскага журналіста, які раней узначальваў RTV.
Замена галоўнага рэдактара была адным з патрабаванняў прафсаюза «Незалежнасць», вылучаных яшчэ год таму. Прафсаюз звяртаў увагу на страту прафесійнай добрасумленнасці тэлеканала і яго праўладную журналістыку.
Раней падобныя публічныя прабачэнні пасля сёлетняй паразы на выбарах партыі «Фідэс» шматгадовага кіраўніка Венгрыі Віктара Орбана прыносілі венгерскія праўладныя прапагандысты.
Гэтыя падзеі сталі магчымыя ў сувязі з вынікамі датэрміновых парламенцкіх выбараў ў Сербіі, якія адбыліся 25 кастрычніка пасля амаль двух гадоў студэнцкіх пратэстаў супраць карупцыі і ўзмацнення аўтарытарных тэндэнцый. На гэтых выбарах Сербская прагрэсіўная партыя былога прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча, які дагэтуль на розных пасадах узначальваў краіну на працягу 14 гадоў, пацярпела буйную паразу ад створанага спецыяльна пад выбары апазіцыйнага «Студэнцкага спіса».
Чытайце таксама:
Апазіцыя, якая перамагла ў Сербіі, не збіраецца ўводзіць санкцыі супраць Расіі
Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі
У Сербіі праходзяць датэрміновыя парламенцкія выбары: Вучычу супрацьстаіць студэнцкі рух