БЕЛ Ł РУС

Новы трэнд — у «Мінск-Свеце» ўсё часцей здаюць кватэры з голымі сценамі. Колькі просяць?

29.10.2026 / 09:00

Nashaniva.com

Здача кватэр без аздаблення ў доўгатэрміновую арэнду — трэнд апошніх некалькіх гадоў, калі цэны на нерухомасць і арэнду моцна пайшлі ўгору. Праўда, раней такія аб'явы былі адзінкавымі, аднак цягам апошняга года іх колькасць значна павялічылася. Асабліва шмат прапаноў у так званых «бізнэс-апартаментах». 

Фота: kufar.by

Замкавыя апартаменты

Арэндныя стаўкі на кватэры без аздаблення пачынаюцца з 700 рублёў (каля $240). Столькі просяць за бізнэс-апартаменты плошчай 42 метры ў доме «Мірскі замак», што на вуліцы Савіцкага. 

Фота: kufar.by

Кватэра ўяўляе сабой памяшканне без перагародак і хоць якога аздаблення. Ад асноўнага памяшкання аддзелены толькі санвузел, дый ён без дзвярэй. У апісанні пазначана, што кватэра (юрыдычна — бізнэс-апартаменты) здаецца на працяглы тэрмін.

Звычайная аднапакаёўка-студыя

Наступная па цане прапанова — 730 рублёў (каля $250). Гэта ўжо не бізнэс-апартаменты, а сапраўдная кватэра плошчай 37 метраў. 

Фота: kufar.by

Кватэра таксама без аздаблення. Здаецца тэрмінам ад трох месяцаў да трох гадоў.

Уласнік патрабуе перадаплату за два месяцы і пры гэтым адзначае, што арандатара будуць чакаць невялікія ў параўнанні з бізнэс-апартаментамі камунальныя плацяжы: 120 рублёў у зімовы перыяд і 50 рублёў у летні, а таксама іншыя выдаткі па лічыльніках.

Адметна, што большасць кватэр, якія здаюць без аздаблення гэта бізнэс-апартаменты ў «Мірскім» або «Нясвіжскім» замках.

Скрыншот: realt.by

Наколькі такія кватэры карыстаюцца попытам, меркаваць складана. Некаторыя аб'явы вісяць яшчэ з ліпеня.

Скрыншот: realt.by

І ўсё гэта менавіта бізнэс-апартаменты, якія дэ-факта нічым не адрозніваюцца ад звычайных кватэр у «Мінск-Свеце», апроч больш высокіх камунальных плацяжоў, бо налічваюцца па тарыфах для юрыдычных асоб.

З відам на бізнэс-цэнтр

За кватэру ў доме 2024 года пабудовы плошчай 55 метраў, з вокнаў якой адкрываецца від на вежы бізнэс-цэнтра, просяць 950 рублёў (каля $320). 

Фота: kufar.by

У астатнім у кватэры ўсё стандартна: голыя сцены і адсутнасць перагародак паміж пакоямі.

Сем гадоў без рамонту 

Пры гэтым сярод жытла з голымі сценамі знаходзяцца не толькі кватэры на 24‑55 метраў, але і трохпакаёўка на 88 метраў.

Фота: kufar.by

Дом 2019 года пабудовы, але ў гэтай кватэры дагэтуль голыя сцены і нават няма перагародак паміж пакоямі. Нават ванны пакой і туалет выдзелены толькі пачаткам сцен з чатырма радамі цэглы.

За месяц арэнды такой кватэры просяць 970 рублёў ($330). Пры гэтым у аб'яве пазначана, што апартаменты не гатовыя здаваць замежнікам, а пры засяленні трэба заплаціць адразу за месяц наперад і дадаткова пакінуць гарантыйны плацеж у памеры месячнай арэнды.

«Мінімальныя выгоды ёсць»

За 1000 рублёў ($340) у «Мінск-Свеце» здаюць студыю на 28 квадратаў з частковымі выгодамі.

Фота: kufar.by

У кватэры ёсць канапа, рукамыйнік, дзве старыя шафы, стол-кніга і два крэслы. Большая частка падлогі засцелена дыванамі. На невялікай частцы ляжыць ламінат. У якасці ложка — двухспальны матрац.

Сцены голыя, і толькі частка з іх прыкрытая лістамі гіпсакардону. Як пазначана ў апісанні, кватэра здаецца без аздаблення, але жыць можна. «Мінімальныя выгоды прысутнічаюць».

У ванным пакоі ёсць ванна, унітаз і невялікі рукамыйнік. На падлозе — старыя дываны.

Агулам у сталіцы цяпер здаецца каля дзесяці кватэр з голымі сценамі, і ўсе яны — у «Мінск-Свеце». Выглядае, што гэта ў большасці сваёй і ёсць тыя самыя «інвестыцыйныя» кватэры, якія будаваліся ўласнікамі не для таго, каб пераехаць туды жыць. 

У выпадку з бізнэс-апартаментамі, квадратны метр у якіх каштаваў крыху танней, чым у звычайных кватэрах у «Мінск-Свеце», вышэйшы тарыф на камунальныя плацяжы можа быць дадатковым стымулам для ўласнікаў здаваць кватэру ў арэнду ў любым стане.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула