БЕЛ Ł РУС

«Гаспадар той кватэры таксама на вуліцу выбег — увесь абпалены быў». Падрабязнасці надзвычайнай сітуацыі на Алтайскай у Мінску

27.10.2026 / 14:04

Nashaniva.com

Маласямейка на Алтайскай, 90/1, мае не самую добрую славу. Мясцовыя расказваюць, што раз у год-два нейкія надзвычайныя здарэнні ў доме на трыста з лішнім кватэр ды адбываюцца. Але ўчорашні вечар, бадай, перакрыў усе папярэднія непрыемнасці. У кватэры, размешчанай на першым паверсе, адбылася ўспышка газапаветранай сумесі.

«У выніку ўспышкі атрымаў апёкі гаспадар кватэры. Выбітай аконнай рамай траўмаваны мужчына, які праходзіў міма, і пашкоджаны два прыпаркаваныя аўтамабілі. Абодва пацярпелыя шпіталізаваны», — так апісалі здарэнне ў МНС.

Адшукаць месца надзвычайнага здарэння не праблема і сёння: выбітае акно дакладна паказвае на другі пад'езд. Добра, што канструкцыі дома выстаялі: пліты не пашкоджаны. Адсяляць секцыю (як гэта было ў Гомелі) не прыйдзецца, піша Onliner.by.

Мяркуючы па фота МНС знутры кватэры, успышка адбылася зусім не на кухні, як можна было б чакаць. «Эпіцэнтр» знаходзіўся ў жылым пакоі. Высветлілася, што мужчына запраўляў запальнічку газавым балончыкам і потым вырашыў праверыць, ці працуе яна.

З самай раніцы пацярпелай кватэрай (і прылеглай да яе тэрыторыяй) займаюцца мясцовыя камунальнікі: збіраюць рассыпаныя тут і там аскепкі, забіваюць плітамі акно.

— Усё адбылося пасля 10 вечара. Пачуў, як нешта грымнула, ляск, — успамінае Сяргей. — Падышоў да акна (жыву на пятым паверсе), зірнуў: народу ўжо процьма. Усіх з другога пад'езда выгналі. Потым назад пусцілі, хвілін праз дзесяць. Жонка хадзіла даведвацца, што і як. Думалі, што балон газавы рвануў (у іх быццам захоўваўся).

Суседзяў гэтых я даўно ведаю, сямейная пара. Нічога кепскага пра іх сказаць не магу.

Што магло здарыцца? Не ведаю. Можа, ён прыкурваў ад гэтага балона. Сусед зараз у бальніцы. Кажуць, у яго ўсе валасы згарэлі.

— Аскепкаў было шмат. Мы самае асноўнае ўчора ўвечары прыбралі, — дапаўняе карціну супрацоўніца ЖКГ.

Таццяна жыве на другім паверсе, добра, што не над пацярпелай кватэрай.

— А дзясятай з капейкамі вечара раздаўся грукат. Падумала, што сценкі абрынуліся. Вызірнула ў калідор: усё ў дыме. Пастаяла крыху — зноў грукат. Усе адразу пачалі выбягаць з кватэр. Звярнула ўвагу, што на першым паверсе нават дзверы выбіла.

Гаспадар той кватэры таксама на вуліцу выбег — увесь абпалены быў.

МНС, хуткая, міліцыя, газавікі — мы ўсім адразу сталі тэлефанаваць. Службы прыехалі хутка, усё праверылі. Тады ўжо нас пусцілі дадому. А хуткая забрала і гаспадара, і таго мужчыну, што проста міма праходзіў і пацярпеў. У яго твар у крыві быў.

Наколькі я ведаю, у той кватэры газ перакрыты. З-за чаго магла быць успышка? Яны балонамі з газам карысталіся. Як для распальвання вогнішча. Гаспадар кватэры сам сказаў, што прыкурваў ад балончыка.

Чаму так? Яны асацыяльныя. Вы паглядзіце, што ў кватэры: смецця больш, чым на звалцы. Пара пажылая, дзеці там не жывуць.

Тэорыю пра газавы балон, ад якога гаспадар кватэры прыкурваў, агучыў і яшчэ адзін сусед. З відавочным асуджэннем.

Пазней з паведамлення СК стала вядома, што гаспадар кватэры запраўляў запальнічку «з выкарыстаннем газавага балончыка, не прызначанага для гэтых мэтаў». Пасля запраўкі мужчына вырашыў праверыць спраўнасць запальнічкі, у выніку чаго і адбылося ўзгаранне і наступны выбух газапаветранай сумесі.

Міжвольнымі ўдзельнікамі здарэння сталі два аўтамабілі, прыпаркаваныя недалёка ад шматпавярхоўкі. «Я сам нічога не бачыў і не чуў, хаця знаходзіўся дома. Мае вокны выходзяць на другі бок. Нават не падазраваў, што нешта здарылася. Дзесьці ў 22:20 мне патэлефанавалі і расказалі. Мабыць, аконная рама ляцела і «прашыла» маё аўто. Што буду рабіць? Пакуль не ведаю. Разбяромся», — расказвае яшчэ адзін Сяргей, гаспадар Mitsubishi

Калі б не забітае акно, то здагадацца аб тым, што ў шматпавярхоўцы нешта адбылося, было б немагчыма. Панэлька 1982 года, на шчасце, аказалася трывалай і ўстойлівай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула