БЕЛ Ł РУС

У Кітаі бурбалка вакол штучнага інтэлекту ўжо лопнула

27.10.2026 / 15:48

Nashaniva.com

Акцыі тэхналагічных кампаній абваліліся.

Наведвальнікі Сусветнай канферэнцыі па робататэхніцы робяць сэлфі каля стэнда Unitree ў Пекіне, 20 жніўня 2026 г. Фота: AP Photo / Ng Han Guan

Інвестары масава скуплялі акцыі кітайскіх вытворцаў чыпаў, робатаў і абсталявання для штучнага інтэлекту, разлічваючы на вялікія прыбыткі. Цяпер гэтыя акцыі імкліва таннеюць: чаканні аказаліся занадта высокімі, піша Reuters.

Кітайскі біржавы індэкс STAR50, у які ўваходзяць буйныя кампаніі ў сферы штучнага інтэлекту і паўправаднікоў, страціў 40% ад ліпеньскага піку. За няпоўныя чатыры месяцы іх агульны кошт на біржы скараціўся прыкладна на 480 мільярдаў даляраў.

Асабліва паказальная гісторыя вытворцы робатаў Unitree. Калі кампанія выходзіла на біржу ў жніўні, ахвотных купіць яе акцыі было так шмат, што попыт з боку прыватных інвестараў перавысіў прапанову ў 8000 разоў. З таго часу акцыі патаннелі ўдвая. Удвая ад ліпеньскіх узроўняў упалі і акцыі некаторых вытворцаў чыпаў.

Прычыны — сумневы, ці будзе попыт на тэхналогіі ШІ дастаткова вялікім, каб апраўдаць такія высокія цэны на акцыі. Інвестараў таксама непакоіць магчымасць забароны пастаўляць кітайскае абсталяванне ў амерыканскія цэнтры апрацоўкі даных.

Шмат дробных інвестараў уклаліся ў гэтыя кампаніі, бо бачылі падтрымку з боку дзяржавы. Цяпер яны падлічваюць страты. 

Падзенне ў Кітаі значна глыбейшае, чым у ЗША: амерыканскі індэкс Nasdaq страціў каля 6% ад нядаўняга рэкорду. Пры гэтым нават пасля абвалу кітайскія тэхналагічныя акцыі застаюцца дарагімі адносна прыбыткаў кампаній. Таму інвестары асцерагаюцца, што падзенне яшчэ не скончылася.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула