БЕЛ Ł РУС

Вядомы беларускі велагоншчык пайшоў працаваць у таксі

27.10.2026 / 16:21

Nashaniva.com

«Мне прапаноўвалі трэніраваць нацыянальную каманду, — кажа Яўген Гутаровіч і зазначае, што праца ў таксі яму падабаецца. — Я абсалютна не скарджуся, мне вельмі падабаецца гэтая прафесія».

Пераможца этапу «Вуэльта Іспаніі» 2010 года, удзельнік «Тур дэ Франс» і «Джыра д’Італія», чатырохразовы чэмпіён рэспублікі Яўген Гутаровіч расказаў, як яму працуецца ў таксі, піша kp.by.

«Мне прапаноўвалі трэніраваць нацыянальную каманду. Наталля Валер’еўна Цылінская (шматразовая чэмпіёнка свету, сёння кіраўніца Беларускай асацыяцыі веласіпеднага спорту. — НН) вельмі хацела ўзяць мяне да сябе. Але ў мяне трое дзяцей, мы з кожным днём становімся старэйшымі, таму сям’ю трэба забяспечваць. У выніку я выбраў таксі», — расказаў ён у інтэрв'ю sport5.by.

Зрэшты, упершыню ён пачаў выходзіць на лінію ў вольны ад працы час яшчэ тады, калі працаваў трэнерам. Цяпер жа, як высветлілася, Яўген працуе на бізнэс-тарыфе.

«Езджу з камфортам на ўласным аўтамабілі. Я абсалютна не скарджуся, мне вельмі падабаецца гэтая прафесія».

Гутаровіч таксама расказаў пра тыповых пасажыраў.

«Тут машыну, як правіла, заказваюць ужо больш-менш заможныя людзі. На сёння я выканаў каля пяці тысяч заказаў. І на пальцах можна пералічыць людзей, якія былі, скажам так, не зусім камфортнымі пасажырамі. Усе абсалютна адэкватныя. І нашы беларусы, і расіяне, і шмат туркаў, і кітайцы — абсалютна цудоўныя людзі.

Як аказалася, я падвожу вельмі шмат знаёмых, а таксама сустракаю нямала цікавых людзей, з якімі прыемна пагутарыць. Як правіла, гэта ўладальнікі бізнэсу, кіраўнікі, гэта значыць людзі, якія ўжо дасягнулі поспеху ў сваіх галінах», — расказаў спартсмен.

Кіроўца са спартыўнымі дасягненнямі таксама адказаў на пытанне, ці любяць яго пасажыры размаўляць. Шмат у чым тут усё залежыць ад палітыкі сэрвісу.

«Кіроўца на бізнэс-тарыфе сам першым размову не пачынае. Людзі бываюць абсалютна розныя. Ёсць тыя, каму трэба проста даехаць да месца, і ўсё. Вельмі часта людзі вырашаюць па тэлефоне нейкія свае бізнэс-пытанні. Зразумела, у гэты момант з імі не размаўляеш. А траціна пасажыраў, якіх я падвожу, — вельмі камунікабельныя і цікавыя людзі», — расказвае Яўген Гутаровіч.

Ён дадае, што часам кліенты нават пытаюцца, ці можна праехаць яшчэ адно кола ў яго кампаніі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула