Сталініста Драбышэўскага выгналі з Камуністычнай партыі Беларусі
Той пабег скардзіцца Качанавай — але назад у партыю яго ўсё роўна не прынялі.
Віталь Драбышэўскі з Генадзем Зюганавым, старшынёй ЦК Камуністычнай партыі Расіі
Як распавялі «Нашай Ніве» былыя паплечнікі Драбышэўскага, год таму яго выключылі са складу Камуністычнай партыі Беларусі. Такое рашэнне прыняла Гомельская абласная арганізацыя КПБ. Кажуць, што фармальная нагода — тое, што Віталь не плаціў сяброўскія ўнёскі.
Знакаміты ў Гомелі сталініст асабіста прысутнічаў на пасяджэнні, але пераканаць аднадумцаў не змог. Але ж і мірыцца з выгнаннем не стаў — па сталай звычцы пачаў закідваць скаргамі чыноўнікаў на розных узроўнях.
Дайшоў нават да Наталлі Качанавай. Але тая спусціла скаргу на першага сакратара КПБ Сяргея Сыранкова (летась таму нават даверылі быць спарынг-партнёрам Лукашэнкі на выбарах — яму намалявалі каля 3%).
З Сыранковым у Драбышэўскага даўні канфлікт. Таму не дзіўна, што Віталь у чарговы раз атрымаў адпіску, што ўсё зроблена па законе.
Драбышэўскі ж пасыпае галаву попелам і шкадуе, што Сталін усяго гэтага не бачыць.
Дарэчы, яго трэцяе кафэ «Лявада», на прымусовае закрыццё якога сталініст запрашаў Лукашэнку, ужо ліквідавалі — як і мінулыя два разы проста не працягнулі дамову на арэнду месца.
Чытайце таксама:
Гомельскі «рускамірац» натхніўся Ракасоўскім і запатрабаваў паставіць у Гомелі помнік Сталіну
У Гомелі закрылі забягалаўку прадпрымальніка-лукашыста і знішчылі яго плакат са Сталіным