БЕЛ Ł РУС

У сям’і Цепляковых, дзе дачка-вундэркінд у 9 гадоў паступіла ва ўніверсітэт, нарадзілася дзясятае дзіця. Яму далі незвычайнае імя

1.11.2026 / 09:00

Ганна Стафановіч

Бацька з кожным разам шукае ўсё больш і больш цікавыя варыянты, як назваць дзяцей.

Сям'я Цепляковых у 2021 годзе. Фота: e1.ru

Яўген Цеплякоў — камуніст са Шклова. Ён паспеў папрацаваць у Кітаі, дзе марыў застацца жыць разам з сям’ёй, але ў выніку вярнуўся на радзіму жонкі ў Расію. Уладкавалася сям'я ў Маскве.

Цепляковы сталі зоркамі СМІ ў 2021 годзе, калі старэйшая дачка Аліса ва ўзросце 9 гадоў паступіла ў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ламаносава вучыцца на псіхолага. На платнае — але вынік усё адно ўражвае, улічваючы той факт, што аднагодкі дзяўчынкі вучыліся ў трэцім класе.

Аліса Цеплякова з мамай Наталляй

Афіцыйнае месца працы Яўгена — сямейны дзіцячы сад «Журавушка». Так, ён атрымлівае зарплату за тое, што займаецца сваімі ж дзецьмі. Але вынікі ўражваюць. Малыя Цепляковы ў 8‑9 гадоў заканчваюць школу і здаюць расійскі аналаг ЦТ.

Яўген вядзе YouTube-канал «Вучымся з Алісай», дзе перыядычна дзеліцца навінамі сям’і. Нядаўна Яўген з гонарам прадэманстраваў падпісчыкам немаўля. 

«Сябры, прадстаўляем вам Градоша. Тадададам! Градош! Заводзім новых Аліс!» — заявіў прафесійны бацька вундэркіндаў. 

У астатніх дзяцей (акрамя Алісы) таксама небанальныя імёны. У сям’і растуць Хеймдаль, Фейлунг, Айлунг, Тэсей, Сулейман, Тэра, Лея і Альрык Фініст Альрыён (трайное імя атрымаў дзявяты сын). 

Два гады таму Цепляковы атрымалі ад расійскай дзяржавы грошы на новае жыллё і купілі чатырохпакаёвую кватэру плошчай каля 100 квадратных метраў. 

Пасля таго, як Градошу споўніцца год, Наталля Цеплякова зможа прэтэндаваць на званне «Маці-гераіня» (прысуджаюць яго жанчынам, якія нарадзілі і гадуюць 10 дзяцей) — за такое бонусам даюць каля $12500. 

Імаверна, на дасягнутым Цепляковы не плануюць спыняцца. Летась Яўген разважаў на тэму таго, колькі дзяцей мусіць быць у сям'і:

«Жанчына не можа быць шчаслівая, калі ў яе ўсяго трое дзяцей. Гэта мала цяжарнасцяў. Жаночы арганізм разлічаны, што ён будзе сустракаць шмат кахання, адпаведна, будзе шмат дзяцей: 10-15, а можа, 25! Ну хаця б 5‑6 дзяцей — гэта мінімальная колькасць, калі жонка задаволеная ў адносінах». 

Чытайце таксама:

Камуніст са Шклова, у якога дзеці-вундэркінды ў 8‑9 гадоў паступаюць у ВНУ. Хто такі Яўген Цеплякоў?

13‑гадовая Аліса Цеплякова — дачка камуніста са Шклова — скончыла ўніверсітэт. Але да навуковай працы ёсць пытанні ў сістэмы «Антыплагіят»

Каментары да артыкула