БЕЛ Ł РУС

Рэстараны на Сардзініі ўводзяць забарону на смартфоны за сямейным сталом

28.10.2026 / 14:43

Nashaniva.com

На італьянскім востраве Сардзінія 15 рэстаранаў на месяц адмовяцца ад смартфонаў за сямейнымі сталамі. 

Фота: Dosfotos/Design Pics Editorial/Universal Images Group via Getty Images

Эксперымент закліканы дапамагчы бацькам і дзецям больш размаўляць падчас ежы, а не праводзіць час, утаропіўшыся ў экраны, піша Bild.

Ініцыятыву «За сталом без экранаў» запусціла ўпаўнаважаная па правах дзяцей і падлеткаў Сардзініі Ганна Кау супольна з мясцовым аддзяленнем рэстараннай асацыяцыі Fipe-Confcommercio. Установы далучыліся да праекта добраахвотна.

Замест тэлефонаў сем'ям прапануюць адмысловы набор з настольнымі гульнямі, размалёўкамі і іншымі заняткамі для дзяцей. У яго таксама ўвойдуць рэкамендацыі педыятраў пра рызыкі празмернага выкарыстання лічбавых прылад і парады па карыстанні сацыяльнымі сеткамі.

Арганізатары лічаць, што смартфоны ўсё часцей замяняюць сямейныя размовы, а бацькі нярэдка даюць іх дзецям, каб тыя не сумавалі ў чаканні ежы. Праект павінен дапамагчы вярнуць сумесным абедам і вячэрам іх сацыяльную ролю.

Калі эксперымент будзе паспяховым, яго могуць распаўсюдзіць на іншыя рэстараны вострава.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула