БЕЛ Ł РУС

«Байсол» расказаў, як фонд падманулі: невядомыя прыдумалі рак сапраўднай жанчыне і даслалі фэйкавыя дакументы

28.10.2026 / 18:38

Вера Белацаркоўская

28 кастрычніка «Байсол» адкрыў збор для Алены Ліцвіненка — беларускі, якая нібыта змагаецца з ракам грудзей у Польшчы. Вось толькі аказалася, што сама Алена і не думала звяртацца ў фонд.

Прадстаўнікі «Байсола» расказалі «Нашай Ніве», што сутыкнуліся з падробкай дакументаў — прычым давялося датэрмінова закрыць ужо адкрыты збор.

Справа датычыцца Алены Ліцвіненка, беларускі, якая нібыта звярнулася ў «Байсол», каб сабраць грошы на таргетныя лекі для лячэння раку грудзей у Польшчы. Насамрэч, як высветлілі ў фондзе, жанчына ў «Байсол» не звярталася. Пра гэта фонду паведамілі яе знаёмыя.

Той, хто выдаваў сябе за Алену, падаў у «Байсол» копіі яе дакументаў, у тым ліку медыцынскіх, а таксама фота жанчыны. 

У фондзе запэўніваюць, што праводзяць верыфікацыю, у тым ліку і не адкрываюць збор без адпаведных дакументаў.

Але ў гэты раз высветлілі, што дакументы падробленыя, пасля публікацыі збору.

Цяперашні выпадак у «Байсоле» расцэньваюць або як спробу махлярства, або як правакацыю. За час існавання фонду там ужо мелі справу з махлярамі, але ніколі раней, кажуць, у дачыненні да фонду не ладзілі такую складаную схему махлярства. 

За некалькі гадзін, пакуль збор правісеў на сайце, «Алене» заданацілі каля 500 еўра з 5000, якія хацелі сабраць. Гэтыя грошы плануюць вярнуць ахвярадаўцам цягам некалькіх працоўных дзён — яны не былі пераведзены тым, хто спрабаваў падмануць фонд.

Цяпер у фондзе плануюць удасканальваць алгарытм верыфікацыі, каб даваць рады ШІ-пагрозам — там лічаць, што дакументы і фота ад «Алены» падрабілі менавіта з дапамогай ШІ. І раздумваюць над тым, каб звярнуцца ў паліцыю.

Чытайце таксама:

Вазіў натаўцаў у Афганістан і скідваў гуманітарку ў Судане, а потым трапіў у турму па даносе сябра з Украіны

«Як я без цябе?» Зміцер Дашкевіч напісаў дзве кнігі пра перажытае і перадуманае ў калоніі. Абвешчаны збор грошай на выданне

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА

Каментары да артыкула